«На ўсякага мудраца даволі прастаты»

Маёмасць, часова пакінутая ўласнікам
без нагляду, лічыцца такой, што знаходзіцца ў яго
валоданні, і завалоданне ёю іншай асобай
кваліфікуецца як крадзеж.

У апошні час пачасціліся выпадкі разгляду судом Бешанковіцкага раёна крымінальных спраў аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці грамадзян за здзяйсненне крадзяжоў пакінутай без нагляду маёмасці.

Так, жыхар Бешанковіцкага раёна Ч., знаходзячыся ў магазіне «Мясная лаўка», размешчаным па вул. Урыцкага ў г.п. Бешанковічы выявіў на стале сэнсарны мабільны тэлефон «Прэстыжыа». Ён мог проста сысці з магазіна, пакінуўшы тэлефон на ранейшым месцы. Мог патурбаваць прадаўцоў магазіна і звярнуць іх увагу на пакінуты на століку тэлефон. Гэта два варыянты разважнага вырашэння сітуацыі. Тэлефон не быў згублены гаспадаром, ён знаходзіўся не на вуліцы, не на падлозе магазіна пад прылаўкам, а ляжаў на століку. Яго мог пакінуць хтосьці з пакупнікоў або абслугоўваючага персаналу магазіна. Але ні той, ні другі варыянт не падышоў Ч. Тэлефон апынуўся ў грамадзяніна Ч. у пакеце і з ім ён пакінуў магазін.

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў тэлефонны зварот у дзяжурную частку Бешанковіцкага РАУС пацярпелай В., якая прасіла аказаць садзейнічанне ў вышуку зніклага мабільнага тэлефона. Мабільны тэлефон В. не выбываў з яе валодання, бо ёй дакладна было вядома яго месцазнаходжанне і ў яе не было падставы лічыць тэлефон згубленым. Тут жа былі прыняты меры рэагавання з выездам на месца аператыўнай групы. Аператыўнымі мерамі ўдалося выйсці на след выкрадальніка мабільнага тэлефона.

Выкраўшы тэлефон, Ч. распарадзіўся ім па сваім меркаванні. Завалодаўшы тэлефонам, ён адразу стаў прымяраць да тэлефона свае сім-карты. Убачыў, што ў тэлефоне адкрыты выхад на сайт «Аднакласнікі» і ўстанавіў гаспадыню тэлефона. Глядзеў яе фота, з ёй не быў знаёмы. На тэлефон паступалі званкі, але ён не адказваў на іх, затым скідаў, пасля чаго тэлефон стаў недаступны, што пацвердзілі сведкі. У далейшым Ч. тэлефон не выкінуў, а загарнуўшы ў фольгу, змясціў яго ў палімерны пакет «файл для паперы» і схаваў у кустах, адкуль і выдаў пры праверцы паказанняў на месцы. На фользе, у якую быў старанна загорнуты тэлефон, пры правядзенні судовай дактыласкапічнай экспертызы быў выяўлены след пальца рукі, пакінуты безыменным пальцам правай рукі Ч.

Ніякіх мер для таго, каб вярнуць тэлефон гаспадыні, Ч. не распачаў, перадаць тэлефон работнікам магазіна «Мясная лаўка» не спрабаваў. Усе далейшыя дзеянні Ч. сведчаць аб тым, што ён не збіраўся вяртаць тэлефон.

Вінаватасць Чарняўскага А.М. была пацверджана таксама іншымі матэрыяламі крымінальнай справы, даследаванымі ў крымінальным працэсе. Так, у матэрыялах справы прадстаўлена заява пацярпелай Аўчыннікавай, пратакол агляду месца здарэння памяшкання магазіна «Мясная лаўка» А. паказала месца – халадзільнік з марожаным, каля столікаў, дзе магла пакінуць свой мабільны тэлефон, пратакол праверкі паказанняў на месцы падазраванага Чарняўскага А.М., у ходзе якога ён паведаміў аб абставінах выяўлення і выкрадання мабільнага тэлефона, а затым паказаў месца, дзе схаваў выкрадзены тэлефон, які быў выяўлены і канфіскаваны, звесткамі УУС Вітаблвыканкама згодна з якімі 22.06.2017 у 16.01 у выкрадзеным у А. мабільным тэлефоне была актывавана сім-карта, якой карыстаецца Ч., звесткамі аб тэлефонных злучэннях Ч. Прычыненая злачынствам шкода пацярпелай кампенсавана, шляхам выяўлення і канфіскацыі выкрадзенага ў ходзе следчых дзеянняў.

Вінаватасць у здзяйсненні злачынства Ч. прызнаў часткова. Сцвярджаў, што ўзяў тэлефон, каб вярнуць гаспадыні, але потым спалохаўся.

Разам з тым судом Бешанковіцкага раёна Ч. прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь па прыкметах: тайнае выкраданне маёмасці (крадзеж) і асуджаны да 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі. На падставе ч.1, 2, 5 арт. 78 КК Рэспублікі Беларусь прызначанае пакаранне ў выкананне прыводзіцца не будзе, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну, працягласцю 1 год, Ч. не здзейсніць новае злачынства, будзе выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення прыгавору ў законную сілу выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 30 базавых велічынь, што складае 690 рублёў.

Хочацца спадзявацца, што такая ганебная сітуацыя стане апошняй у біяграфіі Ч., а прызначаная мера пакарання будзе садзейнічаць гэтаму.

Намеснік пракурора раёна
малодшы саветнік юстыцыі
Э.І. Ляшонак