Пачатак купальнага сезону – пад наглядам ратавальнікаў
З мэтай папярэджання гібелі на водах, а таксама правядзення інфармацыйна-тлумачальнай працы сярод насельніцтва, работнікі Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна правялі прафілактычны рэйд па найбольш папулярных месцах купання ў Бешанковіцкім раёне.
На календары – першыя дні каляндарнага лета, а гэта значыць, што наступіў доўгачаканы купальны сезон. Да радасці шматлікіх дзяцей надвор'е радуе цёплым сонейкам, пад цёплымі прамянямі якога так і хочацца акунуцца ў прахалодную ваду. Нягледзячы на тое, што вада недастаткова прагрэлася, ратавальнікі ўжо паспелі знайсці самых адчайных дзяцей, якія купаюцца яшчэ з ранней вясны.
– Нягледзячы на тое, што вы ўжо дастаткова добра плаваеце, існуе велізарная небяспека атрымаць траўму, – патлумачыла дзецям інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дар'я Берастень. – Часцей за ўсё купальшчыкаў падводзіць залішняя самаўпэўнасць і жаданне праверыць свае сілы. Таму варта не толькі памятаць правілы паводзінаў на вадзе, але і купацца толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.
Аднак не толькі купальшчыкі трапілі ў поле зроку ратавальнікаў, бо нагадаць пра небяспеку, якую таіць у сабе вада – не перашкодзіць ніколі. Нават рыбакі, якія знаходзяцца на беразе, могуць вырашыць ахаладзіцца ў гарачы летні дзень, забыўшыся пра небяспечнае цячэнне ці пра наяўнасць на дне ям і віроў.
Ратавальнікі яшчэ раз нагадалі бацькам аб недапушчальнасці пакідання дзяцей без нагляду. Каля вады людзі павінны быць не менш уважлівыя і асцярожныя, чым карыстаючыся агнём ці пераходзячы праезную частку вуліцы.