Парушэнні ў сферы дзяржаўных закупак

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна праведзены аналіз выканання суб'ектамі гаспадарання раёна патрабаванняў заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг).

Асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення дзяржаўных закупак з'яўляюцца галоснасць і празрыстасць працэсу дзяржаўных закупак, развіццё добрасумленнай канкурэнцыі, забеспячэнне справядлівага і бесстаронняга стаўлення да патэнцыйных пастаўшчыкоў (падрадчыкаў, выканаўцаў), а таксама прадухіленне карупцыі ў галіне дзяржаўных закупак.

Пад дзяржаўнай закупкай, згодна з абз.3 арт.1 Закона «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)», разумеецца набыццё тавараў (работ, паслуг) цалкам або часткова за кошт бюджэтных сродкаў і (або) сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў атрымальнікамі такіх сродкаў.

У якасці заказчыка для мэт ажыццяўлення дзяржаўных закупак разглядаецца юрыдычная асоба, якая з'яўляецца атрымальнікам бюджэтных сродкаў і (або) сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў для набыцця тавараў (работ, паслуг) і ажыццяўляе такое набыццё, а таксама іншая юрыдычная асоба ў выпадках, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Патрабаванні арт.18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» і п.10 Палажэння аб парадку размяшчэння інфармацыі аб дзяржаўных закупках і актаў заканадаўства аб дзяржаўных закупках на афіцыйным сайце, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 №778, абавязваюць заказчыкаў штогод зацвярджаць гадавы план дзяржаўных закупак і да 8 сакавіка бягучага года размяшчаць яго на афіцыйным сайце.

Аднак, пры вывучэнні даных афіцыйнага сайта www.icetrade.by аб размешчаных атрымальнікамі бюджэтных сродкаў гадавых планах закупак устаноўлена, што ў парушэнне названых вышэй патрабаванняў, асобныя суб'екты гаспадарання раёна ў тэрмін да 08.03.2017 не прынялі мер па зацвярджэнні гадавых планаў дзяржаўных закупак і размяшчэнні іх на афіцыйным сайце www.icetrade.by.

Парушэнні дапушчаны большасцю сельскагаспадарчых арганізацый раёна, а таксама адным сельскім выканаўчым камітэтам.

Па выніках аналізу ў адрас кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг), пракурорам раёна вынесены прадпісанні з патрабаваннямі неадкладнага ўстаранення выяўленых парушэнняў.

Памочнік пракурора раёна
юрыст 2 класа
В.В. Ларкова