«Не прапальвай сваё жыццё!»: стартавала рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія МНС
Сёння, 4 лістапада, стартавала рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія МНС «Не прапальвай сваё жыццё!»
Акцыя накіравана на прадухіленне пажараў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні і гібелі на іх людзей.
Мерапрыемствы акцыі з 4 па 27 лістапада пройдуць у інтэрнатах, сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на аўтавакзале і ў гандлёвых аб'ектах.
Работнікі МНС арганізуюць інтэрактыўныя заняткі, майстар-класы па выкарыстанні першасных сродкаў пажаратушэння, аказанні першай дапамогі, нагадаюць пра наступствы згубнай звычкі, прадэманструюць дзеянне аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, відэаролікі «Ахвяры згубнай звычкі».
Падчас віктарын, конкурсаў, фотавыстаў, інтэлектуальных гульняў, адкрытых дыялогаў, працы тэматычных пляцовак і іншых мерапрыемстваў раскажуць пра шкоду курэння і трагедыі, якія адбыліся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.
Інтэнсіўная пажарна-прафілактычная работа пройдзе і ў жылым сектары. Работнікі МНС наведаюць домаўладанні і кватэры грамадзян, каб яшчэ раз нагадаць пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі. Далучайцеся да мерапрыемстваў МНС, каб перамагчы ў барацьбе са згубнай звычкай, «не прапальваць сваё жыццё» і зрабіць яго бяспечным!
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.