Тыдзень моладзі і студэнцтва ў Бешанковіцкім раёне: праграма падзей
23 чэрвеня 2026
Тыдзень моладзі і студэнцтва ў Бешанковіцкім раёне: праграма падзей
З 22 па 28 чэрвеня ў Бешанковіцкім раёне праходзіць маштабны марафон моладзі і студэнцтва. Тыдзень яркіх падзей прымеркаваны да Дня моладзі і студэнцтва, які сёлета беларусы адзначаюць 28 чэрвеня. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, яна ўключае патрыятычныя акцыі, інтэлектуальныя спаборніцтвы, спартыўныя старты і творчыя сустрэчы.
Кожны дзень марафону мае свой тэматычны вектар. Адкрыўся ён 22 чэрвеня пад сімвалам «Кода памяці». У гэты дзень прайшлі акцыі, прысвечаныя Дню усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
23 чэрвеня будзе прысвечаны «Дыджытал-вектар». Моладзь чакаюць: раённы квiз «Маладзёжны фармат», майстар-клас па робататэхніцы «Інжынеры будучыні» у лагеры «Лідар» і камандны турнір «Што? Дзе? Калі?» на базе сярэдніх школ райцэнтра.
Спартыўны дух возьме верх 24 чэрвеня ў «Рытме перамог». Раніца пачнецца з рэспубліканскай акцыі «Народная зарадка» на цэнтральнай плошчы (9.00), а працягнецца спаборніцтвамі па арыентаванні на мясцовасці «Экасцежка – 2026» (11.00).
25 чэрвеня абвешчаны «Тваёй тэрыторыяй». У гэты дзень пройдзе грамадска карысная акцыя «Зялёны маніфест: моладзь за ўтульнасць» па добраўпарадкаванні. Таксама запланавана цёплая канцэртна-гульнявая праграма «З любоўю ў сэрцы» для пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Асаблівую цікавасць, безумоўна, выкліча акцыя «Адзін дзень у прафесіі». На працягу дня маладыя людзі змогуць пазнаёміцца з працай аграрыяў ЗАТ «АСБ-Агра Новатар», журналістаў раённай газеты «Зара» і медыкаў Бешанковіцкай ЦРБ, каб даведацца пра тонкасці спецыяльнасцей з першых вуснаў.
26 чэрвеня, у Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на мемарыяльным комплексе «Узрэчча» адбудзецца мітынг з удзелам працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а ўвечары ў цэнтральным парку пройдзе канцэрт.
Кульмінацыяй марафону стане турыстычны злёт, прысвечаны Году беларускай жанчыны, які пройдзе з 26 па 28 чэрвеня ў вёсцы Бароўцы.
Арганізатары запрашаюць усю актыўную моладзь і жыхароў раёна далучыцца да святочных мерапрыемстваў!
"Зара"