Неналежнае выкананне галоўным інжынерам сваіх службовых абавязкаў пацягнула прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры: пракурор Бешанковіцкага раёна ўзбудзіў крымінальную справу
Пракурор Бешанковіцкага раёна пасля вывучэння матэрыялаў даследчай праверкі ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да галоўнага інжынера аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна – яму інкрымінавана неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядбайнага стаўлення да службы, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры.
Згодна з матэрыяламі справы, галоўны інжынер у парушэнне сваіх службовых абавязкаў не арганізаваў належную работу нафтабазы сельгаспрадпрыемства, што пацягнула несвоечасовасць выяўлення негерметычнасці паліўнага трубаправода, з якога ў перыяд з 10.06.2022 па 11.06.2022 на ўчастак мясцовасці, прылеглы да нафтабазы, адбылася ўцечка не менш за 31 050 літраў дызельнага паліва агульным коштам не менш за 67 440 рублёў, набытага сельгаспрадпрыемствам за кошт сродкаў бюджэтнай пазыкі.
Супрацьпраўныя дзеянні асобы кваліфікаваны па ч.1 арт.428 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя па якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа перададзена ў Бешанковіцкі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Пракурор Бешанковіцкага раёна
саветнік юстыцыі А.А.Старчанка