Новае ў заканадаўстве аб абароне правоў непаўналетніх
Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана новае Палажэнне аб парадку прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, устаноўлены крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх. Палажэнне ўступіла ў законную сілу з 1 лютага 2019 г.
Удасканалены комплекс дзеянняў дзяржаўных органаў па выяўленні абстаноўкі, пры якой не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці, не забяспечваецца нагляд за яго паводзінамі і ладам жыцця, бацькі вядуць амаральны лад жыцця, у сувязі з чым мае месца небяспека для жыцця або здароўя дзіцяці.
Галоўным новаўвядзеннем стала прыняцце іншай працэдуры па прызнанні непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Так, раней рашэнне аб пастаноўцы на ўлік прымаў савет прафілактыкі ўстановы адукацыі. Пасля ўступлення ў сілу Палажэння гэтым пытаннем займаецца каардынацыйны савет пры выканаўчым камітэце, у які ўваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый раёна, у тым ліку аховы здароўя, органаў унутраных спраў, МНС, грамадскіх аб'яднанняў, што дазволіць найбольш поўна ацаніць абстаноўку ў сям'і.
Змяніліся таксама крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча. З прыняццем Палажэння яны сталі больш канкрэтызаванымі. Так, на ўлік могуць паставіць у выпадку калі бацькамі не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці, бацькамі не забяспечваецца нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з прычыны чаго дзіця здзяйсняе дзеянні, якія змяшчаюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння альбо злачынства, бацькі вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця, злоўжываюць сваімі правамі і (або) жорстка абыходзяцца з ім, у сувязі з чым мае месца небяспека для жыцця і (або) здароўя дзіцяці.
Памочнік пракурора раёна
юрыст 2 класа А.Л. Кабачэўская