Новую школьную форму ад айчынных вытворцаў прадставілі ў Віцебску

Паказ мадэляў школьнай адзежы прайшоў у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Свае калекцыі прадставілі прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам», і прыватныя кампаніі. Дэманстравалі навінкі самі школьнікі з устаноў адукацыі Першамайскага раёна Віцебска. Як адзначылі ў абласным упраўленні адукацыі, з 2023-2024 навучальнага года форму ўвядуць усе школы і гімназіі паўночнага рэгіёна. З верасня гэтага года ў іх з'явяцца аб'ядноўваючыя элементы. Што менавіта гэта будзе — вызначаць вучні, бацькі і педагогі канкрэтнай установы.

У выбары школьнай формы бацькоў не абмяжоўваюць, яны могуць купіць дзіцяці тавар любога вытворцы. Галоўнае — адпаведнасць каляровай гаме, характэрнай для ўстановы. «На адметны элемент будзе наносіцца лагатып установы або эмблема. Гэта ўводзіцца для таго, каб навучэнцы выглядалі як адна каманда, ганарыліся сваёй установай і прасоўвалі яе ідэі, творчыя знаходкі, навацыі. Гаворка ідзе не пра аднолькавую форму для ўсіх. Колер, фактуру тканіны і камплектнасць выберуць самі школы і гімназіі. І нават могуць быць адрозненні па першай, другой і трэцяй ступенях навучання, каб было адразу зразумела, дзе пачатковыя класы, а дзе сярэдняе звяно або старэйшыя класы», — адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, падкрэсліўшы важнасць выкарыстання аб'ядноўваючага элемента і ў гардэробе педагогаў.

Свой вопыт увядзення формы для вучняў прадэманстравалі школы і гімназіі Першамайскага раёна Віцебска. «Дзелавы стыль быў уведзены ў нас з пачатку адкрыцця ўстановы адукацыі. У кожным класе быў свой колер гальштука, які клас вызначаў сам на пасяджэнні бацькоўскага камітэта з улікам выбару вучняў. З часам мы прыйшлі да таго, што адзіны гальштук, які нас адрознівае і аб'ядноўвае, стаў неад'емнай часткай школьнай формы. З гэтага года мы плануем перайсці на адзіны колер школьнай формы, у нас застанецца гальштук і эмблема школы як нашыўка. Шэры колер прызначаны для пачатковай школы і старэйшай, сіні — для сярэдняй», — сказала дырэктар школы №46 г. Віцебска імя І.Х. Баграмяна Ірына Астапенка.

Усяго гэтай восенню ў Віцебскай вобласці адкрыюць дзверы для вучняў 314 школ і гімназій. Чвэрць з іх ужо выкарыстоўвае дзелавы стыль у адзенні і адметныя элементы.-