Аб бяспецы на лёдзе

У мэтах папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах у асенне-зімовы перыяд 2024-2025 года ў Бешанковіцкім раёне забаронены выхад на лядовае пакрыццё паверхневых водных аб'ектаў у перыяды ўтварэння і (або) разбурэння лядовага пакрыцця, а таксама пры дасягненні таўшчыні крышталічнага лядовага пакрыцця 7 см.

Адпаведнае распараджэнне падпісана райвыканкамам 12 лістапада.

Раённая арганізацыя ОСВАД нагадвае бешанковічам аб выкананні правіл бяспекі. Асаблівую трывогу выклікаюць аматары рыбалоўства, што выходзяць на лёд вадаёмаў без сродкаў выратавання на выпадак, калі апынуцца ў вадзе. Пры сабе неабходна мець жылет, вяроўку 15-20 м з пятлёй і грузам 400 г. Падчас падлёднай рыбалкі не рэкамендуецца прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі.
Бяспечная таўшчыня лёду для аднаго чалавека — 7 см, для будаўніцтва катка — 12 см і больш, для пешай пераправы — 15 см і больш, для праезду аўтамабіляў — не менш за 30 см. Для вызначэння таўшчыні лёду варта вырубіць кавалак і правесці замеры.

Асаблівую небяспеку ўяўляе лёд, пакрыты снегам, бо вада над ім замярзае павольна і нераўнамерна. Моцны лёд мае роўную, гладкую паверхню, без расколін, блакітнаватага адцення. Калі лёд трэшчыць і прагінаецца пад цяжарам чалавека, то ён нятрывалы.
Не апынуцца пад лёдам дапаможа веданне некаторых правіл. Перш чым выйсці на лёд, пераканайцеся ў яго трываласці. Памятайце, што чалавек можа загінуць у вадзе ў выніку ўтаплення, халодавага шоку, пераахаладжэння праз 15-20 хвілін пасля трапляння ў ледзяную ваду.
Калі вы праваліліся пад лёд. Кіньце ў бок берага замацаваную на паясе вяроўку. Паспрабуйце скінуць цяжкія рэчы (у тым ліку абутак) і ўтрымацца на плаву. Трымайце галаву наколькі магчыма вышэй над паверхняй вады. Абапрыцеся на край ільдзіны шырока расстаўленымі рукамі, старайцеся не абломваць кромку лёду, наваліцеся на яе грудзьмі, без рэзкіх рухаў паспрабуйце выцягнуць на лёд адну нагу, затым другую і ўсё цела, споўзкам пакіньце небяспечны ўчастак, адначасова заклікаючы на дапамогу.
Калі вы апынуліся ў вадзе, галоўнае — не губляць самавалодання, дзейнічаць хутка і рашуча. Не адпускайце дзяцей адных на лёд, не пакідайце там без нагляду. Растлумачце ім, як гэта небяспечна, і навучыце, як дзейнічаць у такіх сітуацыях.