Аб здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў
Перыядычна Бешанковіцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя самастойна і па інфармацыі, якая паступае, выяўляюцца факты самавольнага карыстання нетрамі, а менавіта, здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, да якіх адносяцца: пясок, валунна-жвірова-пясчаная сумесь, гліна, суглінак, супесь, торф і сапрапель і інш.
Інфармуем, што нетры з'яўляюцца выключнай уласнасцю дзяржавы!
У адпаведнасці з «Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб нетрах» ажыццяўляць здабычу агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў на глыбіню да пяці метраў без прадастаўлення горнага адводу, устанаўлення нарматываў у галіне выкарыстання і аховы нетраў маюць права ўласнікі, уладальнікі, карыстальнікі, арандатары і субарандатары зямельных участкаў пры ўмове захавання патрабаванняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, заканадаўства ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў межах зямельных участкаў, землекарыстальнікамі якіх яны з'яўляюцца, для мэт, не звязаных з атрыманнем даходу ад выкарыстання карысных выкапняў.
У іншых выпадках права карыстання нетрамі ў мэтах здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў узнікае з дня дзяржаўнай рэгістрацыі геалагічнага або горнага адводу.
У адпаведнасці з часткай 3 артыкула 16.36 КаАП РБ самавольнае карыстанне нетрамі цягне накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да трохсот базавых велічынь.
Незаконная здабыча карысных выкапняў таксама цягне кампенсацыю шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю ў памеры 3 базавых велічыні за 1 метр кубічны, альбо 1,8 базавай велічыні за 1 тону.