Аб новаўвядзеннях заканадаўства аб крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання
Шэраг змяненняў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2021 №112-З, закранулі вадзіцеляў. Так, у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь упершыню з'явіўся арт.317-2 («Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання»). Калі раней за кіраванне транспартнымі сродкамі «без правоў» прадугледжвалася адміністрацыйная адказнасць, то цяпер ідзе размова ўжо і аб крымінальнай. Змяненні ўступілі ў сілу з 19.06.2021.
Сёння кіраванне без правоў прызнаецца злачынным, калі здзейснена яно было неаднаразова (ч.1 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь). Пры гэтым адказнасць узмацняецца, калі гэтае ж дзеянне здзейснена асобай, якая раней ужо здзейсніла гэтае злачынства (ч.2 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь).
У заўвазе да арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь заканадавец тлумачыць, што дзеянне прызнаецца неаднаразовым, калі здзейснена асобай, на якую на працягу года ўжо было накладзена адміністрацыйнае спагнанне за беспраўнае кіраванне, прадугледжанае ч.2 арт.18.14 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Даведачна: нягледзячы на тое, што змяненні ўступілі ў законную сілу нядаўна, судом Бешанковіцкага раёна на сённяшні дзень ужо разгледжана 2 крымінальныя справы па ч.1 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь.
Калі казаць аб пакаранні за здзяйсненне гэтага злачынства, то згодна з санкцыяй ч.1 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь яно прызначаецца ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да шасці месяцаў, або арышту з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
У выпадку здзяйснення названага злачынства паўторна (у межах тэрміну судзімасці па ч.1 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь), то згодна з санкцыяй ч.2 арт.317-2 КК Рэспублікі Беларусь пакаранне ідзе ў выглядзе штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
В.а. пракурора
Бешанковіцкага раёна
юрыст 1 класа В.В.Дойлідаў