Аб парадку аказання спонсарскай дапамогі

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна ў ходзе праверкі выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй устаноўлены факты парушэння КСПУП «ПалітаддзелецАгра» парадку прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі.

Згодна з абз.5 ч.1 п.9 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2005 №300 «Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі» (далей Указ №300) названая дапамога можа прадастаўляцца дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, са згоды старшыняў гэтых органаў.

У адпаведнасці з прыкладной формай дагавора прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.07.2005 №779, пры прадастаўленні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў адпаведнасці з п.9 Указа ўзгадненне ажыццяўляецца шляхам учынення запісу «Узгоднена» на першым лісце дагавора.

Насуперак прыведзеным патрабаванням заканадаўства ў снежні 2016 г. КСПУП «ПалітаддзелецАгра» з аддзелам адукацыі спорту і турызму райвыканкама заключаны дагавор аб прадастаўленні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў суме 400 рублёў на правядзенне навагодніх ранішнікаў.

Разам з тым, КСПУП «ПалітаддзелецАгра» з'яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, падпарадкаванай Бешанковіцкаму райвыканкаму, такім чынам, спонсарская дапамога магла быць прадастаўлена са згоды старшыні райвыканкама, якая атрымана не была.

На падставе названага дагавора КСПУП «ПалітаддзелецАгра» набыло ў Бешанковіцкага РАЙПА і ў далейшым перадало аддзелу адукацыі цукеркі на суму 400 рублёў.

Акрамя таго, устаноўлена, што КСПУП «ПалітаддзелецАгра» ў снежні 2016 г. перадало аддзелу адукацыі кандытарскую прадукцыю на суму 699,81 рублёў, аднак дагавор на прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі на названую прадукцыю не заключаўся.

У адпаведнасці з п.6 Указа №300 арганізацыі, якія прымаюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу, прадстаўляюць юрыдычнай асобе, якая аказала такую дапамогу, справаздачу ў адвольнай форме аб яе мэтавым выкарыстанні.

Аднак, насуперак патрабаванням заканадаўства ў абодвух выпадках справаздачы аб мэтавым выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі аддзелам адукацыі Спонсару – КСПУП «ПалітаддзелецАгра» не прадастаўляліся і Спонсарам не былі запатрабаваны.

Прыведзеныя вышэй парушэнні заканадаўства аб парадку прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі недапушчальныя, паколькі ў адпаведнасці з абз.13 ч.1 арт.25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2015 №305-З «Аб барацьбе з карупцыяй» з'яўляюцца правапарушэннямі, якія ствараюць умовы для карупцыі.

Прычынамі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і аб парадку прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі з'яўляюцца: неналежныя адносіны службовых асоб КСПУП «ПалітаддзелецАгра», адказных за вядзенне дагаворнай работы і распараджэнне грашовымі сродкамі, да выканання службовых абавязкаў, няведанне норм вышэйзгаданага заканадаўства, нядбайнае афармленне дакументаў, неякаснае выкананне бухгалтарскай службай сваіх функцый па кантролі за расходаваннем матэрыяльных рэсурсаў.

Па выніках праверкі пракурорам раёна ўнесена прадстаўленне дырэктару КСПУП «ПалітаддзелецАгра», у якім пастаўлена пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асоб.

Пракурор раёна
саветнік юстыцыі
Шклярэўскі А.С.