Аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці
У выніку ажыццяўлення нагляднай дзейнасці пракуратурай раёна сістэматычна выяўляюцца факты парушэння патрабаванняў заканадаўства пры прыцягненні работнікаў да дысцыплінарнай адказнасці.
У сувязі з чым нагадваю, што дысцыплінарны праступак можа здзейсніць толькі асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з канкрэтным наймальнікам. Прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці работніка, які выконвае работы і паслугі па дагаворы падраду, заканадаўствам не прадугледжана.
Згодна з арт.197 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь дысцыплінарная адказнасць устанаўліваецца за супрацьпраўнае, вінаватае невыкананне або неналежнае выкананне работнікам сваіх працоўных абавязкаў.
Такім чынам, да прыняцця рашэння аб прыцягненні работніка да дысцыплінарнай адказнасці неабходна выразна вызначыць, ці парушыў ён свае працоўныя абавязкі або працоўную дысцыпліну і якім чынам.
У прыватнасці, для ўстанаўлення факту знаходжання работніка на працоўным месцы і ў працоўны час у стане алкагольнага ап'янення не з'яўляюцца дастатковымі такія прыкметы, як пах алкаголю ў выдыханым паветры, парушэнне каардынацыі рухаў, няўстойлівая і хісткая хада, пачырваненне вачэй, невыразная гаворка.
Указаныя прыкметы з'яўляюцца толькі падставай меркаваць, што работнік знаходзіцца ў стане ап'янення. Сам факт алкагольнага ап'янення вызначаецца ў выніку правядзення агляду з выкарыстаннем прыбораў, прызначаных для вызначэння канцэнтрацыі пароў абсалютнага этылавага спірту ў выдыханым паветры.
Акрамя гэтага, да прымянення дысцыплінарнага спагнання павінен быць зафіксаваны сам факт здзяйснення работнікам дысцыплінарнага праступку, а таксама запатрабавана ад работніка пісьмовае тлумачэнне.
Пры гэтым варта адзначыць, што адабранне тлумачэння ў работніка неабходна для вызначэння ўсіх абставін здзейсненага ім дысцыплінарнага праступку, а таксама ўстанаўлення наяўнасці магчымых паважных прычын яго здзяйснення.
Таксама варта адзначыць, што арт.199 ПК вызначана, што загад (распараджэнне),пастанова аб дысцыплінарным спагнанні з указаннем матываў аб'яўляецца работніку пад роспіс у пяцідзённы тэрмін, не лічачы часу хваробы работніка і (або) знаходжання яго ў водпуску.
Работник, не азнаёмлены з загадам (распараджэннем), пастановай аб дысцыплінарным спагнанні, лічыцца не маючым дысцыплінарнага спагнання.
Намеснік пракурора
Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі В.В.Дойлідаў