Аб пытаннях крымінальнай адказнасці за парушэнне парадку перасячэння дзяржаўнай граніцы, арганізацыі незаконнай міграцыі і парушэнні тэрмінаў забароны для ўезду

Праблема парушэння парадку перасячэння дзяржаўнай граніцы, арганізацыі незаконнай міграцыі і парушэнні тэрмінаў забароны для ўезду абгрунтавана аднесены да крымінальна-каральных дзеянняў, бо яны парушаюць упарадкаванасць сістэмы грамадскіх адносін у галіне перамяшчэння людзей, пагражаюць нацыянальнай бяспецы дзяржавы і правапарадку.
Так, артыкул 371 КК Рэспублікі Беларусь (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь) змяшчае, што:
1. Наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку, судна ўнутранага плавання (самаходнага), судна змешанага (рака - мора) плавання (самаходнага), маламернага маторнага судна, судна з падвесным рухавіком, гідрацыкла, паветранага судна з рухавіком, а роўна наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь іншым спосабам, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, -
караюцца штрафам, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.
2. Наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, учыненае асобай, раней судзімай за злачынства, прадугледжанае гэтым артыкулам, альбо замежным грамадзянінам, асобай без грамадзянства, дэпартаванымі або высланымі з Рэспублікі Беларусь, да заканчэння тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, -
караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
3. Наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, учыненае арганізаванай групай, -
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам або без штрафу.
Варта адзначыць, што дзеянне гэтага артыкула не распаўсюджваецца на выпадкі прыбыцця ў Рэспубліку Беларусь з парушэннем правіл перасячэння Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, пры ўмове, што яны без прамаруджання звярнуліся з такім хадайніцтвам.
Артыкул 371-1 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя незаконнай міграцыі) прадугледжвае, што:
1. Арганізацыя альбо кіраўніцтва або садзейнічанне дзейнасці па незаконным уездзе ў Рэспубліку Беларусь, знаходжанні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, транзітным праездзе (транзіце) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або выездзе з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян або асоб без грамадзянства (арганізацыя незаконнай міграцыі) -
караюцца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
2. Арганізацыя незаконнай міграцыі, учыненая спосабам, які ўяўляе небяспеку для жыцця або здароўя замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, альбо звязаная з жорсткім або прыніжаючым іх годнасць абыходжаннем, альбо ўчыненая паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, -
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам або без штрафу.
Артыкул 371-2 КК Рэспублікі Беларусь (парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь) указвае на тое, што:
Знаходжанне ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства, дэпартаваных або высланых з Рэспублікі Беларусь, да заканчэння тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 371 гэтага Кодэкса, -
караецца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.


Пракурор Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі                                                     А.А. Старчанка