Аб выплаце запазычанасці па заработнай плаце

У пракуратуру раёна пачасціліся звароты грамадзян па пытаннях магчымасці спагнання запазычанасці па выплаце заработнае платы і іншых працоўных спрэчках, у сувязі з чым тлумачу.

У адпаведнасці з палажэннем норм Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да працоўных спрэчак адносяцца няўрэгуляваныя рознагалоссі бакоў працоўных і звязаных з імі адносін па пытаннях прымянення заканадаўства аб працы, у тым ліку па пытаннях пераводу, перамяшчэння, выплаты заработнай платы і канчатковага разліку пры звальненні.

Згодна з арт. 233 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь індывідуальныя працоўныя спрэчкі па пытаннях прымянення заканадаўства аб працы разглядаюцца камісіяй па працоўных спрэчках і судамі.

Таксама, згодна з ч. 4 арт. 241 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ч. 2 арт. 285 Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь за падачу ў суд заяў па індывідуальных працоўных спрэчках і пры разглядзе гэтых спрэчак судом работнікі вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны і судовых выдаткаў.

Пры такіх абставінах, у выпадку калі работнік лічыць, што яго правы парушаны, мае права самастойна звярнуцца для вырашэння ўзніклых спрэчак у камісію па працоўных спрэчках (пры яе наяўнасці ў наймальніка) альбо непасрэдна ў суд па асноўным месцы знаходжання прадпрыемства.

Дадаткова паведамляю, што ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 242 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікі звяртаюцца ў суд у 3-месячны тэрмін з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні сваіх правоў, а па справах аб звальненні – у суд у месячны тэрмін з дня ўручэння копіі загаду аб звальненні або з дня выдачы працоўнай кніжкі з запісам аб падставе спынення працоўнага дагавора альбо з дня адмовы ў выдачы або атрыманні названых дакументаў.

Намеснік пракурора

Бешанковіцкага раёна

юрыст 2 класа Дойлідаў В.В.