Пра жыццё пасля аварыі на ЧАЭС распавяла жыхарка аграгарадка Дразды Вера Грыб
27 красавіка 2026
Пра жыццё пасля аварыі на ЧАЭС расказала жыхарка аграгарадка Дразды Вера Грыб
Паміж сасновых лясоў Брагіншчыны і берагоў Заходняй Дзвіны ў Бешанковічах праляглі сотні кіламетраў і цэлая вечнасць. Для жыхаркі аграгарадка Дразды Веры Гаўрылаўны Грыб гэтая дыстанцыя вымяраецца лёсам, які давялося перапісваць нанова сарака гадоў таму…
У красавіку 1986-га жыццё ў іх вёсцы Ільічы здавалася непарушным: Вера Гаўрылаўна працавала кухарам у школе, муж — Пётр Іванавіч — токарам у калгасе. Сям'я мела свой дабратны дом, муж і жонка выхоўвалі дваіх дзяцей, будавалі планы на будучыню, не падазраваючы, што іх звыклы свет хутка згарыць у нябачным агні радыяцыі.
Першыя дні пасля аварыі Вера Гаўрылаўна ўспамінае з цяжкім пачуццём нявызначанасці. «Спачатку, — кажа яна, — мы не падазравалі пра бяду, якая прыйшла ў наш дом, жылі звычайным жыццём. Звычайныя сельскія клопаты, вясновае сонца — здавалася, нішто не можа парушыць гэты спакой. Трывога пасялілася ў душы, калі па дарозе, уздымаючы пыл, пацягнуліся калоны цяжкай тэхнікі. Менавіта тады прыйшло ўсведамленне, што здарылася нешта страшнае…»
Першымі эвакуіравалі дзяцей, спачатку адвезлі ў адзін з лагераў Гомельскага раёна, затым – у Мінскую вобласць, адкуль пазней іх забраў у Дразды дзядзька, Васіль Іванавіч Грыб, чыя сям'я, ратуючыся ад бяды, знайшла тут новы прычал. Вера ж Гаўрылаўна з мужам засталіся ў Ільічах. Яна па-ранейшаму працавала ў сталоўцы, карміла цяпер ужо супрацоўнікаў міліцыі, якія неслі тут свой вахту.
«Нашу вёску эвакуіравалі ў 30-кіламетровую зону 10 чэрвеня, — расказвае Вера Гаўрылаўна, — мы жылі на новым месцы, але муж па-ранейшаму ездзіў на працу ў наш калгас, дзе ішла нарыхтоўка кармоў. Я часта наведвалася з ім у вёску дадому, каб прапалоць кветкі, атруціць жукоў на бульбе, думала, што хутка вернемся». Тады ўсе верылі, што гэта ненадоўга, што ўсё выправіцца і людзі вернуцца ў свае дамы.
Сям'я зноў сабралася ў Драздоўскім сельсавеце толькі да восені. Неўзабаве атрымалі кватэру, дзеці пайшлі ў школу, бацькі – на працу. Прырода бяшанковіцкага краю і душэўнасць мясцовых жыхароў дапамаглі канчаткова пусціць карані. І тое, што здавалася часовым прыстанішчам, стала домам назаўжды.
У Драздоўскім сельсавеце Вера Гаўрылаўна, якая, як і ўжо нябожчык-сужэнец, мае статус ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 33 гады ўзначальвала мясцовае аддзяленне сувязі, у тым ліку пяць гадоў – пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Пётр Іванавіч працаваў токарам у калгасе, аператарам на ачысных збудаваннях. Абодва па праву заслужылі шчырую павагу мясцовых жыхароў.
Але праца была толькі часткай яе служэння людзям. Нягледзячы на хваробы і ўзрост, Вера Гаўрылаўна не губляе аптымізму і застаецца душой Драздоўскага сельскага клуба, з'яўляецца актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. На мінулае 8 Сакавіка, напрыклад, разам з мясцовымі артыстамі ездзіла па вёсках, каб парадаваць песнямі жыхароў глыбінкі, а цяпер ужо рыхтуецца да Дня Перамогі.
Заўзятая кветачніца, яна і сёння вырошчвае расаду, каб упрыгожыць вуліцу каля дома, трымае агарод і невялікую гаспадарку. На Гомельшчыну ехаць ужо няма да каго — блізкія пайшлі, а здароўе не дазваляе далёкіх паездак, але жанчына не сумуе.
«Людзей, — кажа, — жыццё люблю. Прыемна рабіць дабро іншым. А песня дапамагае жыць, падымае настрой, гэтым і падсілкоўваюся».
Сёння яе свет – гэта яе сям'я: дзеці і чацвёра ўнукаў. Сын Іван і дачка Марына жывуць і працуюць у Бешанковічах, сталі яе гордасцю і апорай на гэтай зямлі, а бешанковіцкі край — па-сапраўднаму родным месцам, дзе любоў да людзей і невычэрпная энергія гэтай выдатнай жанчыны працягваюць дарыць святло і цяпло навакольным.
"Зара"