Абавязак Радзіму абараняць
Артыкул 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае: абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і святы доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Парадак праходжання воінскай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Згодна з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» воінскі абавязак выконваюць грамадзяне мужчынскага полу, прыдатныя па стане здароўя і фізічным развіцці да яе выканання, незалежна ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, роду і характару заняткаў, палітычных і іншых перакананняў.
За ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу прадугледжана крымінальная адказнасць арт. 435 КК Рэспублікі Беларусь.
У 2016 годзе да крымінальнай адказнасці па названым артыкуле прыцягнуты 2 асобы, у мінулым перыядзе 2017 года прыцягнута 1 асоба прызыўнога ўзросту.
28.03.2017 у законную сілу ўступіў прыгавор суда Бешанковіцкага раёна ў дачыненні да Берасценя А.А., жыхара г.п. Бешанковічы, які, з'яўляючыся прызыўніком ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці, ухіліўся ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу. У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што Берасцень А.А. 19.08.2016 не з'явіўся па ўручанай яму пад роспіс позве ў райваенкамат для праходжання медыцынскага агляду, а таксама да 30 лістапада 2016 года, да завяршэння прызыву на воінскую службу, устаноўленага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №27 ад 18.07.2016 года «Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў жніўні-лістападзе 2016 г.» не з'явіўся, чым дапусціў ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу і перашкодзіў прыняццю рашэння прызыўной камісіяй ваеннага камісарыята аб выкананні ім воінскага абавязку. У судовым пасяджэнні Берасцень А.А. вінаватасць у здзяйсненні злачынства прызнаў, у зробленым раскаяўся, што ўлічана судом у якасці змякчальных адказнасць абставін. Судом Берасцень А.А. прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу і на падставе ч. 1 арт. 435 КК Рэспублікі Беларусь асуджаны да пакарання ў выглядзе штрафу ў памеры 150 базавых велічынь, што складае на дату вынясення прыгавору 3 450 рублёў. У выхаваўчых мэтах праведзена выязное пасяджэнне суда, на якое ваенным камісарыятам былі запрошаны асобы прызыўнога ўзросту.
Намеснік пракурора
Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі Ляшонак Э.І.