Абавязацельствы актуалізаваны

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна ў ходзе праверкі выканання заканадаўства ў філіяле Бешанковіцкае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №110 КУП «Віцебскаблдарбуд» (далей філіялам ДРБУ №110) вывучаны стан работы па папярэджанні карупцыі.

Устаноўлена, што дзейнасць філіяла ДРБУ №110 у названай сферы не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Згодна з арт.16 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» ад 15.07.2015 №305-З (далей – Закон) дзяржаўная службовая асоба ў мэтах недапушчэння дзеянняў, якія могуць прывесці да выкарыстання ёю свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцей і заснаванага на ім аўтарытэту ў асабістых, групавых і іншых пазаслужбовых інтарэсах, дае абавязацельства па выкананні абмежаванняў, устаноўленых арт.17-20 Закона (далей – абавязацельства), і ставіцца ў вядомасць аб прававых наступствах невыканання такога абавязацельства.

Абавязацельства афармляецца ў пісьмовай форме кадравай службай дзяржаўнай арганізацыі.

Непадпісанне дадзенага абавязацельства цягне за сабой адмову ў прызначэнні на пасаду дзяржаўнай службовай асобы альбо вызваленне дзяржаўнай службовай асобы ад займаемай пасады.

У адпаведнасці з абз.3 арт.1 Закона да дзяржаўных службовых асоб адносяцца, у тым ліку асобы, якія пастаянна або часова альбо па спецыяльным паўнамоцтве займаюць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў у дзяржаўных арганізацыях.

Праверкай устаноўлена, што ў філіяле ДРБУ №110 у парушэнне патрабаванняў закона не ўсімі службовымі асобамі, якія пастаянна займаюць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, дадзены абавязацельствы па выкананні абмежаванняў.

У прыватнасці, пры вывучэнні службовай інструкцыі інжынера па ахове працы другой катэгорыі Зубец В.М. устаноўлена, што яна ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва і каардынуе работу структурных падраздзяленняў у рамках сістэмы кіравання аховай працы, вядзе аператыўны кантроль за станам аховы працы, выкананнем кіраўнікамі структурных падраздзяленняў і іншымі інжынерна-тэхнічнымі работнікамі заканадаўства аб ахове працы, выконвае іншыя арганізацыйна-распарадчыя функцыі.

Па названых вышэй прыкметах інжынер па ахове працы адносіцца да дзяржаўных службовых асоб, аднак абавязацельства па выкананні абмежаванняў, прадугледжаных арт.арт.17-20 Закона, Зубец В.М. не дадзена і ў яе асабістай справе адсутнічае, што супярэчыць патрабаванням арт.16 Закона.

Пры вывучэнні асабістых спраў асобных службовых асоб філіяла ДРБУ №110 устаноўлена, што аформленыя абавязацельствы не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, з прычыны таго, што нарматыўна-прававыя акты, на якіх яны заснаваны, страцілі сілу.

У прыватнасці, у абавязацельствах начальніка філіяла Чарняўскага П.І., галоўнага бухгалтара Варахобка С.С., галоўнага інжынера Лазукі С.В., начальніка планава-вытворчага сектара Пархомавай Р.В., начальніка ўчастка аўтатранспарту і дарожна-будаўнічых машын Мароза М.П., майстра ўчастка Прыгуна А.Я., старшага дарожнага майстра Кухто В.В., майстра дарожнага Гнеўка Д.Г. маецца спасылка на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» ад 20.07.2006, які страціў сілу.

Названыя парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства носяць відавочны характар, могуць прычыніць істотную шкоду ахоўным законам інтарэсам дзяржаўнай арганізацыі.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна вынесена прадпісанне начальніку філіяла ДРБУ №110 аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Патрабаванні пракурора выкананы, са службовымі асобамі арганізацыі аформлены новыя абавязацельствы ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» ад 15.07.2015 №305-З.

Пракурор раёна
саветнік юстыцыі
Шклярэўскі А.С.