Зваротам грамадзян пільная ўвага
Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян у філіяле Бешанковіцкае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №110 КУП «Віцебскаблдарбуд». Устаноўлена, што кіраўніцтвам філіяла ДРБУ №110 не надаецца належная ўвага пытанням выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. У прыватнасці, у філіяле адсутнічае поўны пералік нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць працу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Журналы рэгістрацыі зваротаў вядуцца неналежным чынам, у шэрагу выпадкаў адсутнічаюць адзнакі аб разглядзе зваротаў.
У філіял ДРБУ №110 часта паступаюць інфармацыі з Бешанковіцкага райвыканкама аб паступленні зваротаў на прамую тэлефонную лінію па пытаннях рамонту дарог з даручэннямі кіраўніцтва райвыканкама аб іх разглядзе. Аднак такія інфармацыі не заўсёды належным чынам рэгіструюцца (адсутнічае ўваходны штамп, звесткі аб даце паступлення), не ўнесены ў адпаведны Журнал уліку, што супярэчыць патрабаванням п.1 арт.13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 №300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». У перапісцы філіяла ДРБУ №110 не заўсёды маюцца копіі адказаў грамадзянам аб разглядзе зваротаў, якія паступілі на прамую тэлефонную лінію ў райвыканкам.
Падчас праверкі ўстаноўлены факты неналежнага выканання патрабаванняў абз.3 п.1 арт.18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 №300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» у частцы растлумачэння заяўніку парадку абскарджання прынятага рашэння ў выпадку поўнай або частковай адмовы ў задавальненні звароту.
У прыватнасці, 24.07.2015 у ДРБУ №110 паступіў зварот жыхароў в.Вяжышча Марціновіч С.Э. і інш. па пытанні ўладкавання асфальтабетоннага пакрыцця пад'езда да в.Вяжышча ад трасы М3. 31.07.2015 грамадзянам накіраваны адказ аб тым, што перавод гравійнай дарогі ў асфальтабетонную ажыццяўляецца шляхам рэканструкцыі або капітальнага рамонту, якія не прадугледжаны ў праграме адпаведных відаў работ на 2015-2019 г.г. Такім чынам, заяўнікам адмоўлена ў задавальненні іх звароту, аднак парадак абскарджання прынятага рашэння не растлумачаны.
Мелі месца асобныя факты разгляду зваротаў з парушэннем тэрмінаў, прадугледжаных п.3 арт.17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 №300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Напрыклад, 22.10.2016 у філіял ДРБУ №110 з райвыканкама паступіла картка аб звароце Чаплінскага А.В. па пытанні грэйдзіравання і падсыпкі дарогі Ніжняе Крывіно – Ільнозавод з даручэннем аб разглядзе і накіраванні адказу заяўніку, устаноўлены кантроль да 01.11.2016. Адказ заяўніку накіраваны толькі 01.12.2016 праз 1 месяц і 9 дзён, у якім указана, што грэйдзіраванне дарогі зроблена 24.11.2016. Паведамленне аб прычынах перавышэння месячнага тэрміну выканання работ і разгляду звароту па сутнасці заяўніку не накіроўвалася.
Накіроўваемыя заяўнікам адказы не заўсёды абгрунтаваныя і ўтрымліваюць поўную інфармацыю аб выніках разгляду зваротаў, канкрэтных тэрмінах выканання пэўных відаў работ.
Так, 17.12.2016 на прамую тэлефонную лінію райвыканкама паступіў зварот Аўчыннікавай В.А. па пытанні грэйдзіравання дарогі Асавец-Андрукі, Хізава. Інфармацыя аб дадзеным звароце накіравана начальніку філіяла ДРБУ №110 Чарняўскаму П.І. з даручэннем аб разглядзе і паведамленні заяўніка. 21.12.2016 заяўніку накіраваны адказ, у якім указана, што грэйдзіраванне дарогі будзе выканана ў спрыяльныя ўмовы надвор'я ў 2017 годзе. Звесткі аб тэрмінах правядзення работ у адказе адсутнічаюць.
Падчас праверкі арганізацыі асабістага прыёму грамадзян у філіяле ДРБУ №110 устаноўлена, што графік асабістага прыёму начальнікам і іншымі службовымі асобамі, парадак папярэдняга запісу на прыём не зацверджаны, не вызначана асоба, якая ажыццяўляе прыём у выпадку адсутнасці кіраўніка або асобы, якая выконвае яго абавязкі, што супярэчыць патрабаванням ч.2 п.3, п.4 арт.6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 №300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Прыём грамадзян начальнікам ажыццяўляецца па чацвяргах з 10 да 15 гадзін, што супярэчыць патрабаванням абз.4 п.п.1.1 п.1 Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2006 №2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», згодна з якім прыём грамадзян у рабочыя дні павінен пачынацца не пазней за 8.00 або завяршацца не раней за 20.00.
Па выніках праверкі пракуратурай раёна начальніку філіяла ДРБУ №110 унесена прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян, якое разгледжана, дапушчаныя парушэнні ліквідаваны, вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Пракурор раёна
саветнік юстыцыі
Шклярэўскі А.С.