Алімпійскія гульні-2026
12 лютага 2026
Алімпійскія гульні-2026
На зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў італьянскіх Мілане і Корціна-д'Ампеца выступаюць сем беларускіх атлетаў у пяці відах спорту: лыжныя гонкі, канькабежны спорт, фрыстайл, фігурнае катанне, горналыжны спорт. На жаль, спартсмены ўдзельнічаюць у спаборніцтвах у нейтральным статусе.
Першыя камплекты ўзнагарод былі разыграны 7 лютага - у гэты дзень лыжніца Ганна Каралёва выйшла на старт скіатлона 10+10 км і паказала 34-ы вынік, а канькабежка Марына Зуева выступіла на дыстанцыі 3000 м і дабралася да фінішу 15-й.
Спаборніцтвы ў жаночым адзіночным фігурным катанні пройдуць на апошнім тыдні Алімпіяды. 17 лютага беларуска Вікторыя Сафонава прадэманструе кароткую праграму (20.45), а 19 лютага выступіць з адвольнай (21.00).
Заезды ў слаламе ў дзяўчат з удзелам нашай горналыжніцы Марыі Шканавай адбудуцца 18 лютага (12.00).
Найбольшае беларускае прадстаўніцтва заяўлена ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы. За медалі Гульняў пазмагаюцца Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава. Кваліфікацыя фрыстайлістак запланавана на 17 лютага (12.45), фінал - на наступны дзень (13.30). Усяго ўдзельнікі Алімпіяды ў Італіі разыграюць 116 камплектаў узнагарод.
"БелТА"