Асцярожна - махляры!

У апошні час на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна пачасціліся выпадкі махлярства з боку жыхароў г. Віцебска ў дачыненні да даверлівых грамадзян раёна. Махляры пад выглядам індывідуальных прадпрымальнікаў прапануюць грамадзянам паслугі па вырабе мэблі і, аформіўшы фіктыўны заказ, атрымліваюць ад заказчыкаў перадаплату, а затым і ўсю суму па дагаворы. Калі грошы атрыманы і выдаткаваны далёка не па прызначэнні, гэтыя асобы хаваюцца на тэрыторыі Расіі і толькі праваахоўным органам удаецца іх адшукаць і прыцягнуць да адказнасці.

Так, у 2015 годзе да крымінальнай адказнасці прыцягнуты па ч.1 арт. 209 КК Рэспублікі Беларусь грамадзянін Каростылеў, жыхар г. Віцебска, які прызнаны судом Бешанковіцкага раёна вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам падману і асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 1 год. Каростылеў М.І. увайшоў у давер двух жыхароў г.п. Бешанковічы і, не маючы намеру і магчымасці вырабіць мэблю, прыняў ад іх заказ на яе выраб, атрымаў часткамі грошы і перастаў выходзіць на сувязь.

Па аналагічным сцэнары ажыццявіў свой злачынны намер на завалоданне грашовымі сродкамі жыхара в. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна грамадзянін Маслоўскі, жыхар г. Віцебска. Не маючы намеру вырабляць мэблю для кухні па заказе кліента, Маслоўскі атрымаў спачатку суму перадаплаты, а затым, прад'явіўшы кліенту фатаграфіі нібыта вырабленай мэблі, знятай на мабільны тэлефон, і астатнюю суму па дагаворы. Атрыманыя грошы ў суме 3050 рублёў 60 капеек махляр выдаткаваў на аплату здымнага жылля, выплату аліментаў, набыццё адзення і прадуктаў харчавання і з'ехаў у г. Маскву, дзе ўладкаваўся на працу. Не атрымаўшы ва ўстаноўлены тэрмін заказ, кліент моцна занепакоіўся, але знайсці махляра не змог. Прыйшлося звярнуцца ў праваахоўныя органы. Махляр быў выяўлены на тэрыторыі сумежнай дзяржавы, прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і асуджаны судом Бешанковіцкага раёна. У цяперашні час ён адбывае пакаранне 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Характэрна, што ў абодвух выпадках пацярпелыя раней заказвалі мэблю ў гэтых асоб і былі задаволены выкананнем заказаў.

Махляры панеслі пакаранне, а вось калі падманутыя кліенты атрымаюць назад свае грошы, пакажа час.

Намеснік пракурора раёна
малодшы саветнік юстыцыі
Э.І.Лешанок