Асцярожна, махляры!
Крадзяжы ўсіх форм уласнасці застаюцца самым распаўсюджаным відам злачынстваў у нашым раёне. У век высокіх тэхналогій, развіцця сеткі Інтэрнэт, прыхільнасці людзей да сацыяльных сетак з'яўляюцца новыя спосабы крадзяжу маёмасці.
Так, да адной з жыхарак нашага райцэнтра ў «Аднакласніках» папрасілася ў сябры нейкая група, якая прапаноўвала анлайн-крэдыты на выгадных умовах. У ходзе перапіскі канкрэтна ёй паабяцалі выдаць 5 000 рублёў, але на пэўных умовах. Для пачатку махляры прапанавалі выплаціць пошліну, затым страхоўку. У агульнай складанасці за кароткі тэрмін жыхарка райцэнтра пералічыла на замежную банкаўскую картку махляроў каля 500 рублёў. Тыя ў сваю чаргу хутка замелі сляды – спачатку ўнеслі пацярпелую ў «чорны спіс», а затым і зусім выдалілі свой уліковы запіс.
А яшчэ на тэрыторыі раёна ўзрасла колькасць злачынстваў, звязаных з узломам уліковых запісаў у сацыяльных сетках, пры чым з выкарыстаннем такіх «узламаных» уліковых запісаў адбываецца крадзеж маёмасці.
Пасля ўзлому ўліковага запісу (старонкі карыстальніка сацыяльнай сеткі) зламыснікі ад яго імя рассылаюць паведамленні знаёмым, сябрам і сваякам з просьбай пераслаць рэквізіты, указаныя на іх банкаўскіх пластыкавых картках. Аргументуюць неабходнасць атрымання рэквізітаў карты тым, што тэрмін іх банкаўскай карты скончыўся, а трэба тэрмінова атрымаць грошы, альбо карта знаходзіцца на перавыпуску. Просьба прадаставіць рэквізіты банкаўскай карты можа хавацца і пад іншай добрапрыстойнай падставай.
Як растлумачыў пракурор Бешанковіцкага раёна Андрэй Старчанка:
- Падобныя сітуацыі ўжо адбыліся з 2 жыхарамі нашага райцэнтра, пасля чаго з іх банкаўскіх карт здзейснены крадзеж 108 і 65 рублёў адпаведна. Па ўсіх фактах здзяйснення крадзяжоў узбуджаны крымінальныя справы. Аднак цяжкасць у ўстанаўленні вінаватых асоб па такіх злачынствах заключаецца ў тым, што зносіны з пацярпелым адбываецца віртуальна, пры гэтым зламыснікі могуць знаходзіцца ў любой кропцы свету, што ўскладняе іх пошук. Таму хацелася б звярнуць увагу грамадзян, не паддавацца на хітрыкі махляроў, не перадаваць рэквізіты банкаўскіх карт пасродкам перапіскі ў сацыяльных сетках нават блізкім сваякам, а тым больш не пералічваць грашовыя сродкі.