Адкрыццё абноўленага фізіятэрапеўтычнага аддзялення ў Бешанковічах

24 снежня ў Бешанковіцкай ЦРБ адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага фізіятэрапеўтычнага аддзялення.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі, старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч, старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Шведаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутацкага корпуса рэгіёна.

Аддзяленне цалкам абноўлена, заменены вокны і дзверы, часткова — сістэма ацяплення і праводка, падлогавае і стольнае пакрыццё. Больш за 300 тыс. руб. было выдзелена на правядзенне рамонту і больш за 130 тыс. руб. – на набыццё медтэхнікі. Сучаснае абсталяванне дазволіць пашырыць спектр фізіятэрапеўтычных паслуг, скараціць тэрміны лячэння на стацыянарным этапе, паскорыць працэс выздараўлення пацыентаў.

У Беларусі сістэме аховы здароўя надаецца самая сур'ёзная ўвага. Кіраўнік дзяржавы заўсёды робіць акцэнт на тое, каб усе, хто мае патрэбу, мелі магчымасць атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу ў любым кутку нашай краіны. Бо здароўе любой нацыі – залог яе ўстойлівага развіцця і працвітання, — падкрэсліла кіраўніца раёна, віншуючы прысутных. — Адкрыццё фізіятэрапеўтычнага аддзялення пасля рамонту — падарунак для жыхароў раёна напярэдадні Новага года. Упэўнена, што цяпер пацыентам стане значна зручней атрымліваць неабходныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры, а медперсаналу камфортней іх аказваць.

Настрой свята падтрымалі творчыя нумары культработнікаў. Завяршыла цырымонію экскурсія з дэгустацыяй кіслародных кактэйляў.
Глядзець фота "Зара"