Адпрацоўка навыкаў карыстання вогнетушыцелем у Бешанковіцкім раёне

Першы рабочы дзень у 2019-ым годзе работнікі Бешанковіцкага раённага спажывецкага таварыства прысвяцілі бяспецы. А для таго, каб гэты дзень напэўна ўсім запомніўся і быў павучальным, для сустрэчы з працоўным калектывам ратавальнікі падрыхтавалі цэлую навучальную праграму, якая ўключыла ў сябе і практычную адпрацоўку навыкаў карыстання вогнетушыцелем.

Аднак пачалося выступленне ратавальнікаў з грозных лічбаў статыстыкі і падвядзення вынікаў мінулага года. Работнікі МНС давялі дадзеныя па пажарах у раёне і вобласці, расказалі аб асноўных іх прычынах, нагадалі аб правілах бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання, аб дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару і аб правілах выкліку экстранных службаў, нагадалі аб небяспецы выкарыстання піратэхнічных вырабаў і правілах бяспекі ў перыяд святаў.

У завяршэнні выступлення кожны прысутны змог адпрацаваць навыкі карыстання вогнетушыцелем і патушыць імправізаваны ачаг узгарання парашковым вогнетушыцелем.