«Памяць пакаленняў» - у Бешанковіцкім раёне афіцыйна дадзены старт сумеснаму творчаму праекту пракуратуры раёна і ДУА «Ржаўскі дзіцячы сад – базавая школа»
У Бешанковіцкім раёне дадзены старт сумеснаму творчаму праекту пракуратуры раёна і ДУА «Ржаўскі дзіцячы сад – базавая школа». Асноўная мэта праекта – стварэнне інтэрактыўнай карты раёна, на якой будуць размешчаны месцы пахаванняў мірных жыхароў (ахвяр вайны), як улічаныя (на якія маюцца пашпарты), так і не ўлічаныя, устаноўленыя пракуратурай раёна ў ходзе расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. і ў пасляваенны перыяд. Пры гэтым на інтэрактыўную карту будзе нанесена інфармацыя, прадстаўленая пракуратурай раёна, якая ўключае дакладныя месцы размяшчэння пахаванняў ахвяр вайны (па адзначаных каардынатах), фатаграфіі з названых месцаў, а таксама іх апісанне. Непасрэднымі складальнікамі інтэрактыўнай карты будуць дзеці, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у творчай працы. У ходзе адкрыцця ад дзяцей паступіла прапанова назваць творчы праект – «Памяць пакаленняў», што было падтрымана ўсімі яго ўдзельнікамі. Прысутны пры адкрыцці творчага праекта, памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна Сяргей Кір'янаў расказаў дзецям, аб мэтах дадзенага праекта і аб выніках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікала выкладанне звестак аб страшных падзеях вайны, якія мелі месца на тэрыторыі раёна, расказаных у ходзе допытаў, як непасрэднымі відавочцамі тых падзей, так і іх сваякамі. Вынікі праведзенай працы плануецца падвесці ў пачатку верасня бягучага года. Да ведама: у ходзе расследавання крымінальнай справы пракуратурай раёна ўстаноўлены 5 раней неўлічаных пахаванняў ахвяр вайны. Дадзеныя пахаванні размешчаны паблізу вёсак Чанавічы, Азёркі, Слабада, аграгарадка Бачэйкава, а таксама ў гарадскім пасёлку Бешанковічы паблізу сядзібы «Стары Марыенфельд». Акрамя таго, устаноўлена, што ва Уле і Бешанковічах знаходзіліся лагеры ваеннапалонных, дзе карнікамі закатавана да смерці, расстраляна каля 1 700 чалавек. Больш за 1 200 жыхароў раёна было сагнана на прымусовыя работы ў Германію. Усяго ж па архіўных звестках у перыяд акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі на яго тэрыторыі знішчана каля 8 500 мірных грамадзян.
Памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна юрыст 2 класа С.А.Кір'янаў
Памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна юрыст 2 класа С.А.Кір'янаў