Парк на вуліцы Чарняхоўскага ў Бешанковічах будзе добраўпарадкаваны

Парк на улице Черняховского в Бешенковичах будет благоустраиваться

9 красавіка 2025

Парк на вуліцы Чарняхоўскага ў Бешанковічах будзе добраўпарадкаваны

Чарговы прыём грамадзян правяла старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Унуковіч. Са сваімі пытаннямі да кіраўніка раёна звярнуліся два чалавекі.

Жыхарка Бешанковіч Надзея Яфімаўна пачала размову са старшынёй райвыканкама са слоў падзякі. Даведаўшыся пра тое, што наш гарпасёлак па выніках рэспубліканскага конкурсу прызнаны адным з самых добраўпарадкаваных населеных пунктаў у краіне, яна захацела асабіста падзякаваць Галіне Уладзіміраўне за каласальную працу па добраўпарадкаванні райцэнтра і ў той жа час унесла свае прапановы па далейшым навядзенні парадку.

У прыватнасці, размова ішла пра парк, што знаходзіцца на тэрыторыі былога аграсэрвісу (паблізу скрыжавання вуліц Чарняхоўскага і Віцебскай шашы).

«Абавязкова будзем добраўпарадкоўваць», — запэўніла жанчыну Галіна Унуковіч.

Агучыла заяўніца і тэму выдалення аварыйных дрэў на могілках, указваючы на сасну, якая нахілілася, у месцы пахавання ў вёсцы Беразні. Вырашыць пытанне даручана Бешанковіцкаму сельвыканкаму. А Верхненскі сельвыканкам, СУП «Свіціна-ВМК» і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама вывучаць пытанне, што тычыцца ўмоў пражывання ветэрана працы з в. Луг. Па словах Надзеі Яфімаўны, жанчыне, якой ужо за 90 гадоў, патрэбна дапамога ў рамонце веранды.

Садзейнічання ў працаўладкаванні ў кіраўніка раёна прасіла жыхарка вёскі Пяцігорск. Пытанне вырашана падчас прыёму. Жанчыне падабралі месца працы, якое яе задаволіла.

"Зара"