Першы этап рэспубліканскай акцыі «Бяспека ў кожны дом!» прайшоў у Бешанковіцкім раёне
У рамках першага этапу акцыі Бешанковіцкія ратавальнікі правялі мерапрыемствы прафілактычнай накіраванасці з асобамі, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. А паколькі такіх грамадзян збіраюць на пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, то і дадзеныя мерапрыемствы супалі з вышэйназванымі пасяджэннямі, з прычыны чаго прафілактычная праца праводзілася не толькі па лініі ратавальнікаў, але і міліцыі, аховы здароўя, сацыяльнай службы і старшынь сельскіх саветаў.
Прысутным прапаноўвалася не толькі ўспомніць правілы пажарнай бяспекі, азнаёміцца з аператыўнай абстаноўкай на тэрыторыі раёна і вобласці, але і патрэніравацца ва ўстаноўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, выявіць парушэнні ў макеце печы, навучыцца карыстацца вогнетушыцелем і многае іншае. Акрамя ўсяго пералічанага ратавальнікі распавялі пра мабільны дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач» і вядома ж, прывялі прыклады пажараў, якія адбыліся на тэрыторыі раёна і адказалі на хвалюючыя пытанні грамадзян.