Па ісках пракурора Бешанковіцкага раёна з вінаватых службовых асоб на карысць сельскагаспадарчага прадпрыемства спагнана больш за 11 000 рублёў за нястачу 55 галоў БРЖ
Пракуратурай раёна было ўстаноўлена, што ў перыяд са студзеня па красавік мінулага года на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна адбыўся падзеж буйной рагатай жывёлы. Разам з тым, службовымі асобамі прадпрыемства якія-небудзь дакументы на падзеж не складаліся, у справаздачы аб руху жывёлы і птушкі звесткі не ўносіліся. Такім чынам, брыгадзіры вытворчых брыгад, галоўны заатэхнік, а таксама галоўны ветэрынарны ўрач схавалі сам факт падзежу, чым парушылі службовыя абавязкі па вядзенні дакументацыі, уліку і ўстаноўленай справаздачнасці па жывёлагадоўлі, беражлівых адносін да маёмасці наймальніка.
З улікам таго, што адпаведныя дакументы не складаліся, сапраўдную прычыну падзежу высветліць немагчыма. Трупы жывёл утылізаваны без складання дакументацыі.
Такім чынам, адсутнасць названага пагалоўя буйной рагатай жывёлы з'яўлялася нястачай для наймальніка.
Даведачна: згодна з п.5 арт.404 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікі нясуць матэрыяльную адказнасць у поўным памеры шкоды, прычыненай па іх віне наймальніку, у выпадках, калі шкода прычынена нястачай.
Рашэннем суда іскавыя патрабаванні пракурора раёна задаволены, з вінаватых службовых асоб на карысць сельскагаспадарчага прадпрыемства спагнана больш за 11 000 рублёў.
Рашэнне суда ў законную сілу не ўступіла, можа быць абскарджана і апратэставана.
Пракурор Бешанковіцкага раёна
саветнік юстыцыі А.А.Старчанка