Па пазове пракуратуры Бешанковіцкага раёна ўстаноўлены факт працоўных адносін
Праведзенай пракуратурай раёна праверкай па звароце грамадзянкі было ўстаноўлена, што апошняя была дапушчана да работы ў якасці прадаўца ў адзін з магазінаў раёна дырэктарам прыватнага прадпрыемства. Пры гэтым сам факт працоўных адносін паміж работнікам і наймальнікам належным чынам аформлены не быў (загад аб прыёме на работу не выдаваўся, працоўны дагавор не заключаўся).
Грамадзянка працавала ў якасці прадаўца па зменах, што адпавядала графіку работ іншых работнікаў, атрымлівала штомесяц заработную плату без афармлення, пры гэтым фактычна выконвала абавязкі (па вакантнай пасадзе прадаўца ў магазіне), як і іншыя афіцыйна працаўладкаваныя прадаўцы. Працягнуліся належным чынам неаформленыя працоўныя адносіны да яе афіцыйнага працаўладкавання, якое адбылося па заканчэнні 6 месяцаў. Пасля афіцыйнага працаўладкавання характар работы (працоўныя абавязкі), графік работы і аплата не змяніліся.
У адпаведнасці з п.2 арт.25 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь фактычны допуск упаўнаважанай службовай асобай наймальніка работніка да работы з'яўляецца пачаткам дзеяння працоўнага дагавора незалежна ад таго, ці быў прыём на работу належным чынам аформлены.
З улікам выкладзенага, у інтарэсах грамадзянкі пракурор раёна звярнуўся ў суд з іскавай заявай, у якой прасіў устанавіць факт працоўных адносін паміж работнікам і наймальнікам. Рашэннем суда Бешанковіцкага раёна іскавая заява задаволена, устаноўлены факт працоўных адносін. Наймальнікам добраахвотна за неаформлены перыяд працоўных адносін зроблены ўсе выплаты на работніка (у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, падаходны падатак, страхаванне).
Рашэнне суда Бешанковіцкага раёна ўступіла ў законную сілу.
Пракурор Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі А.А. Старчанка