Падробка да дабра не прывяла
Прыстрасць да алкаголю прывяла аднаго з жыхароў раёна М. да таго, што ў 2009 годзе яму прыйшлося развітацца з вадзіцельскім пасведчаннем трактарыста-машыніста, калі ён, кіруючы калгасным трактарам у стане алкагольнага ап'янення, быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.
Аднак калі тэрмін пазбаўлення права кіраваць транспартнымі сродкамі скончыўся, М. не стаў абцяжарваць сябе пераздачай экзаменаў, і каб нанова атрымаць вадзіцельскае пасведчанне вырашыў абысці Закон. У гутарцы з суседам даведаўся, што ў апошняга маецца вадзіцельскае пасведчанне трактарыста-машыніста нябожчыка бацькі. Узяўшы дадзенае пасведчанне з сабой на працу ў Расійскую Федэрацыю М. за асобную плату з дапамогай «спецыялізаванай» прыватнай фірмы змяніў дакументы нябожчыка, уклеіўшы туды сваю фатаграфію і ўнёсшы свае дадзеныя.
Акрэлены ўдалай здзелкай, М. стаў карыстацца падробленым афіцыйным дакументам, прад'яўляючы яго направа і налева.
Так, у лістападзе 2015 года М. уладкаваўся на працу трактарыстам у адно з сельгаспрадпрыемстваў Чашніцкага раёна, прад'явіўшы «сваё» вадзіцельскае пасведчанне ў аддзеле кадраў прадпрыемства. Затым у верасні 2017 года М. уладкоўваецца трактарыстам ужо на прадпрыемства Бешанковіцкага раёна, пры гэтым ніякіх сумненняў у сапраўднасці вадзіцельскага пасведчання ў работнікаў дадзенага прадпрыемства не ўзнікае.
Чым усё скончылася, расказала памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна Кацярына Кабачэўская:
У сапраўднасці прад'яўленага вадзіцельскага пасведчання засумняваліся супрацоўнікі ДАІ, спыніўшы ў канцы верасня 2017 года М. на аўтадарозе паміж двума райцэнтрамі. Прыйшлося няўдачліваму «трактарысту» прызнацца, што вадзіцельскае пасведчанне з'яўляецца падробленым.
Прысудам суда М. прызнаны вінаватым у выкарыстанні заведама падробленых дакументаў, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму.