Карысная размова
Нядаўна ў райвыканкаме адбылося выязное пасяджэнне калегіі пракуратуры вобласці, на якім разгледжаны вынікі комплекснай праверкі арганізацыі работы пракуратуры Бешанковіцкага раёна, а таксама заслухана справаздача пракурора раёна Шклярэўскага А.С., іншых службовых асоб аб прымаемых мерах па ўмацаванні законнасці і правапарадку.
Абмеркаванне паказала, што органамі дзяржаўнай улады і грамадскімі фарміраваннямі рэгіёна зроблена нямала ў мэтах рэалізацыі задач, якія вынікаюць з патрабаванняў законаў Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», іншых нарматыўных прававых актаў.
Пытанні ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны, павышэння эфектыўнасці прафілактычнай дзейнасці неаднаразова разглядаліся на пасяджэннях райвыканкама, сесіях раённага Савета дэпутатаў, аператыўных нарадах, саветах АПАП.
Многія мерапрыемствы праведзены па ініцыятыве пракуратуры раёна.
Праведзеная работа дазволіла забяспечыць стабільную аператыўную абстаноўку.
Разам з тым, стан правапарадку патрабуе працягу актыўнай прафілактычнай работы ўсіх суб'ектаў прафілактыкі ў мэтах абароны жыцця і здароўя грамадзян, эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Тым больш, што асобныя крыміналістычныя паказчыкі выклікаюць заклапочанасць.
У прыватнасці, у раёне зарэгістравана 5 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку адно забойства. Захоўваецца высокі каэфіцыент злачыннасці на 10 000 насельніцтва - 56,0, што вышэй за сярэднеабласны паказчык.
Таксама ўзрасла колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, пры гэтым удзельная вага такіх злачынстваў дасягнула 38,7%. Звяртае на сябе ўвагу, што больш за 80% названых асоб нідзе не працавалі, злоўжывалі спіртнымі напоямі, што ў канчатковым выніку і прадвызначыла ўчыненне паўторных злачынстваў.
У сувязі з гэтым пракурорам вобласці Дыско Г.І. была звернута ўвага пракурора раёна, начальніка РАУС, старшыні наглядальнай камісіі райвыканкама, іншых суб'ектаў прафілактыкі на неабходнасць паляпшэння работы па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, актыўнага выкарыстання ўсіх прававых сродкаў, звязаных з сацыяльнай адаптацыяй і працаўладкаваннем грамадзян, якія вярнуліся з папраўчых устаноў.
Мае патрэбу ва ўдасканаленні дзейнасць суб'ектаў прафілактыкі па папярэджанні злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян.
За апошнія 5 гадоў у Бешанковіцкім раёне ўчынена 7 забойстваў і 10 цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Матэрыялы крымінальных спраў сведчаць аб тым, што забойствы і іншыя злачынствы супраць асобы, як правіла, учыняюцца на сямейна-бытавой глебе пасля распіцця спіртных напояў, пры гэтым многія з іх адбываюцца на фоне непрафесійных дзеянняў службовых асоб суб'ектаў прафілактыкі, пры адсутнасці належнага ўзаемадзеяння паміж органамі ўнутраных спраў, сельвыканкамамі, установамі аховы здароўя, сацыяльнай абароны і адукацыі.
Улічваючы названыя абставіны, трэба пастаянна ўдасканальваць работу грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, своечасова выяўляць праблемных грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, схільных да гвалтоўных дзеянняў, і займацца іх прафілактыкай: лячыць ад п'янства, прымушаць працаваць, кантраляваць паводзіны ў побыце. Тых, хто не паддаецца мерам прафілактычнага ўздзеяння, варта аператыўна накіроўваць на лячэнне ад алкагалізму ў ЛПП альбо, пры наяўнасці падстаў, прыцягваць да крымінальнай адказнасці па арт. арт. 153, 154, 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
На пасяджэнні калегіі падкрэслівалася, што супрацоўнікам пракуратуры, выканкама, міліцыі, старэйшынам населеных пунктаў, дэпутатам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на забеспячэнне бяспекі адзінокіх састарэлых грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Яны не павінны адчуваць сябе забытымі безабароннымі людзьмі, тым больш у тых населеных пунктах, дзе побач пражываюць асобы, схільныя скарыстацца іх бездапаможным станам у сваіх карыслівых мэтах. Любыя спробы вымагальніцтва грашовых сродкаў альбо крадзяжоў маёмасці варта спыняць неадкладна. Крымінальныя справы гэтай катэгорыі трэба разглядаць публічна ў выязных пасяджэннях суда, каб усе ведалі пра строгую адказнасць за такія злачынствы.
Таксама ў полі зроку павінны знаходзіцца пытанні прафілактыкі гібелі людзей у выніку пажараў, утапленняў, дарожна-транспартных здарэнняў.
У прыватнасці, у гэтым годзе значна пагоршылася сітуацыя на дарогах раёна: больш чым у два разы павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, узрасла колькасць загінулых і параненых. Два здарэнні ўчынены вадзіцелямі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане.
У сітуацыі, якая склалася, кіраўніцтву ДАІ прапанавана ўзмацніць кантроль за станам дарожна-транспартнай дысцыпліны, павысіць патрабавальнасць не толькі да ўдзельнікаў дарожнага руху, але і да кіраўнікоў арганізацый, якія маюць на балансе аўтамабільны транспарт. Самым прынцыповым чынам рэагаваць на факты кіравання транспартнымі сродкамі ў п'яным выглядзе.
У цяперашні час асаблівую актуальнасць набылі пытанні захаванасці ўласнасці і фінансавых сродкаў.
На працягу апошніх гадоў пракуратурай раёна неаднаразова ўказвалася кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, а таксама кіраўніцтву выканкама на парушэнні заканадаўства аб захаванасці ўласнасці ў перыяд пасяўных кампаній, уборкі новага ўраджаю, у перыяд пастаноўкі тэхнікі на захоўванне пасля вытворчасці сельскагаспадарчых работ, пра што было выкладзена ў прадстаўленнях на імя старшыні райвыканкама, кіраўнікоў ЗАТ «АСБ Агра-Наватар», ДП «Палітаддзелец-Агра» і іншых гаспадарак.
Варта таксама пакласці канец заганнай практыцы разукамплектавання новай сельгастэхнікі, забяспечыць выкананне ўказання Кіраўніка дзяржавы аб адраджэнні ў кожным раёне прадпрыемстваў «райаграсэрвісу» з ранейшымі функцыямі, накіраванымі на аператыўнае і якаснае выкананне заказаў арганізацый АПК па рамонце тэхнікі і забеспячэнні запаснымі часткамі.
Ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама запатрабавана арганізаваць жорсткі кантроль за выкананнем тэхналогіі ўтрымання і захоўвання сельскагаспадарчых машын. Выключыць факты безгаспадарчасці і нерацыянальнага выкарыстання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.
У цэлым комплексная праверка паказала, што ўсім дзяржаўным органам раёна неабходна працягнуць актыўную работу па рэалізацыі праграмных задач, якія вынікаюць з Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных прававых актаў, у поўным аб'ёме выкарыстоўваць прадастаўленыя паўнамоцтвы для ўмацавання законнасці і правапарадку.
Начальнік арганізацыйна-кантрольнага
аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці
старшы саветнік юстыцыі І.М.Багачоў