Старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч адказала на пытанні жыхароў раёна
5 мая 2025
3 мая «прамую лінію» з жыхарамі раёна правяла старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Унуковіч. Усяго за тры гадзіны паступіла 7 зваротаў. Большасць з іх можна ахарактарызаваць як жыццёвыя пытанні і прапановы. Не абышлося і без слоў падзякі ў адрас кіраўніка раёна за добраўпарадкаванне гарпасёлка.
Агучаныя пытанні закраналі розныя аспекты. Жыхарка аграгарадка Камоскі, напрыклад, узняла праблему якасці вады на вуліцы Цэнтральнай у населеным пункце. Штогод узнікаюць пытанні з падачай гарачай вады ў міжсезонне ў дамах на вуліцы Будаўнікоў у гарпасёлку і ў аграгарадку Вярхоўе. На староннія шумы ў кватэры, якія нібыта зыходзяць ад суседзяў, скардзілася жыхарка шматкватэрнага дома на вуліцы Чарняхоўскага ў райцэнтры. З просьбай дапамагчы ў пашырэнні асартыменту лекавых прэпаратаў для дзяцей у аптэцы, размешчанай у адміністрацыйным будынку Бешанковіцкай ПМК‑41, звярнулася мясцовая жыхарка.
Паступілі і іншыя пытанні. На некаторыя з іх Галіна Уладзіміраўна адказала адразу ж, іншыя патрабавалі дадатковага разбору, прыцягнуты адпаведныя службы.
"Зара"