Старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч правяла чарговы прыём грамадзян

Председатель райисполкома Галина Унукович провела очередной прием граждан

25 сакавіка 2026

Старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч правяла чарговы прыём грамадзян

З просьбай дапамагчы ў атрыманні арэнднага жылля да кіраўніка раёна звярнулася жыхарка Бешанковіч, малады спецыяліст. Нядаўна дзяўчына выйшла замуж, яе муж у бліжэйшы час плануе пераразмеркавацца ў наш гарадскі пасёлак. Заяўніца працуе ў сферы ветэрынарыі — па прафесіі, запатрабаванай на рынку працы рэгіёна і якая дае права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля.

«У найбліжэйшай перспектыве ў райцэнтры будзе будавацца яшчэ адзін шматкватэрны дом, у вас ёсць шанец атрымаць у ім жаданыя квадратныя метры, — патлумачыла Галіна Унуковіч. – Што для гэтага трэба зрабіць, вам раскажуць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама».

Як падкрэсліла Галіна Унуковіч, падрыхтоўка кадраў, вяртанне маладых спецыялістаў на малую радзіму і іх замацаванне — пытанні, якім у нашым раёне і ў краіне ў цэлым надаецца асаблівая ўвага. Для павышэння прэстыжнасці працы ў сельскай гаспадарцы рэалізуецца шэраг дзяржпраграм, прававая база прадугледжвае комплекс матэрыяльных стымулаў і гарантый для маладых спецыялістаў і работнікаў арганізацый АПК.

Юнакі, напрыклад, могуць скарыстацца адтэрміноўкай ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, маюць права на праходжанне службы ў рэзерве. Менавіта аб такім праве Галіна Унуковіч нагадала маладому спецыялісту з ААТ «ПалітаддзелецАгра», які прыйшоў на прыём да кіраўніка раёна з пытаннем, звязаным з праходжаннем адпрацоўкі па размеркаванні.

Старшыня райвыканкама нагадала, што неўзабаве ў гаспадарцы пачнецца ўзвядзенне новага малочна-таварнага комплексу. Гэта стратэгічны крок, які значна пераўтворыць аграрны ландшафт рэгіёна. Рэалізацыя дадзенага праекта дазволіць не толькі павялічыць вытворчасць малака, але і вывесці жывёлагадоўлю на якасна новы тэхналагічны ўзровень. Пры гэтым важны акцэнт — на кадрах.

«Мы не можам «разбратвацца» кваліфікаванымі кадрамі, — звярнулася да маладога чалавека Галіна Унуковіч. – Заатэхнікі, якімі Вы з'яўляецеся, нам патрэбны, мы гатовыя падтрымаць вас у плане жыллёвых пытанняў, пахадайнічаць перад ваенкаматам аб праходжанні службы ў рэзерве. Заставайцеся, будзем працаваць!»

З «аграрным» пытаннем да старшыні райвыканкама звярнуўся і яшчэ адзін заяўнік. Па просьбе сваяка, які пражывае ў Рэспубліцы Малдова, ён пацікавіўся, ці ёсць у раёне магчымасць выдзялення зямлі (прыкладна 500 гектараў) замежнаму грамадзяніну пад сельгасвытворчасць.

«Магчымасць такая ёсць, — адказала Галіна Унуковіч. – Ваш сваяк можа звязацца са мной асабіста, мы абмяркуем усе нюансы».

У ходзе прыёму грамадзян разгледжаны таксама пытанні, якія тычацца ўстанаўлення межаў зямельных участкаў, аднаўлення святыні, набыцця ў сельгаспрадпрыемстве цяляці.

"Зара"