Прэзідэнт 31 сакавіка выступіць з штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Парламента

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка звернецца з штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента, паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка.

 

"Я б хацеў адзначыць, што пытанні развіцця дзяржавы і грамадства знаходзяцца ў пастаянным полі зроку кіраўніка дзяржавы. Паглядзіце, які насычаны графік у Прэзідэнта. Літаральна нядаўна прайшоў шэраг мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта. Гэта пасяджэнне Савета Міністраў, пасяджэнне Савета бяспекі, нарада з сілавым блокам краіны, наведванне прамысловых прадпрыемстваў, паездкі за мяжу, дзе адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі і прадстаўнікамі дружалюбных нам краін. У ходзе гэтых мерапрыемстваў, вядома ж, вырашаліся сур'ёзныя дзяржаўныя задачы, па розных напрамках: і бягучай дзейнасці, і на перспектыву. Літаральна ўчора пры прызначэнні кіраўніцкіх кадраў мясцовых выканаўчых органаў улады Прэзідэнт абазначыў цэлы спектр і праблем, і адначасова задач, якія датычацца не толькі тых кіраўнікоў, якія былі прызначаны, але і ўсіх дзейных сёння кіраўнікоў вертыкалі ўлады", - распавёў Ігар Сяргеенка.

 

Прэзідэнт адзначыў, што год будзе асаблівым. "Асаблівым ён будзе ў тым ліку ў плане падрыхтоўкі да найважнейшых палітычных падзей - электаральнай кампаніі. У 2024 годзе ў нас пройдуць адначасова выбары ў парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў. І ўпершыню фактычна ў новым фармаце выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Усе гэтыя працэсы будуць праходзіць практычна адначасова. Гэта вялікі, вядома ж, аб'ём арганізацыйнай працы, падрыхтоўчай. Гэта дастаткова сур'ёзныя і маштабныя мерапрыемствы. Але наперадзе нас чакае яшчэ адно знакавае, фундаментальнае мерапрыемства - гэта штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Яно адбудзецца літаральна на гэтым тыдні - 31 сакавіка, у гэту пятніцу, - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Я б хацеў яшчэ раз падкрэсліць, што гэта мерапрыемства знакавае, фундаментальнае, дзе Прэзідэнт у сваім выступленні вызначае найбліжэйшую стратэгію развіцця нашай краіны ва ўмовах дынамічна зменлівай геапалітычнай абстаноўкі. Але гэта ж у першую чаргу і адказ на тыя пытанні, якія хвалююць нашых грамадзян. Гэта аналіз той абстаноўкі, якая складаецца тут і зараз, а таксама на перспектыву. Для якаснай падрыхтоўкі пакета дакументаў па даручэнні Прэзідэнта Адміністрацыяй былі задзейнічаны розныя дзяржаўныя, грамадскія структуры, навуковая супольнасць. Арганізавана вывучэнне тэндэнцый развіцця абстаноўкі ў рэгіёнах і грамадскага меркавання. Гэтыя матэрыялы дазваляюць кіраўніку дзяржавы дадаткова прааналізаваць тую сітуацыю, якая складаецца ў краіне, і вызначыць комплексна тое Пасланне, тыя думкі, якія будзе Прэзідэнт закладваць у тэкст. Хацеў бы адзначыць, што Прэзідэнт працягвае працу над Пасланнем. Сітуацыя дынамічна мяняецца, практычна штодня, і дадзены дакумент патрабуе актуалізацыі".

 

Плануецца, што мерапрыемства пройдзе ў традыцыйным для апошніх гадоў фармаце – ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Рэспублікі. "У ім возьмуць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі працоўных калектываў, прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Мінску, дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў і горада Мінска. Плануецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел больш за 2,5 тыс. чалавек", – падкрэсліў Ігар Сяргівенка.

 

"Мы разумеем, што Пасланне - гэта перш за ўсё зварот да беларускага народа, але, натуральна, аўдыторыя будзе значна шырэйшая. Гэта яшчэ адна магчымасць для кіраўніка дзяржавы данесці дзяржаўную пазіцыю нашай краіны да народаў тых краін, камунікацыі з якімі з-за пэўных абставін і абвастрэння міжнароднай абстаноўкі, пэўнага геапалітычнага процістаяння некалькі страчаны. Упэўнены, што выступ кіраўніка дзяржавы будзе яркім, цікавым, вострым і актуальным", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"БЕЛТА"