Прафілактыка сямейнага насілля

Хатняе насілле часцей за ўсё носіць скрыты характар. Зачастую ахвяры хатняга насілля не звяртаюцца па дапамогу ў праваахоўныя органы, прычынай таму з'яўляецца мноства фактараў – нежаданне выносіць «смецце з хаты», залежнасць ахвяры ад агрэсара, распаўсюджанае меркаванне «б'е – значыць, любіць».

Аднак з мэтай прафілактыкі сямейнага насілля заканадавец прадаставіў пракурору права ў залежнасці ад ступені цяжкасці прычыненых цялесных пашкоджанняў пачынаць адміністрацыйны працэс па арт. 9.1 (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні альбо парушэнне ахоўнага прадпісання) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях альбо ўзбуджаць крымінальныя справы па артыкулах 149 (наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання), 154 (катаванне), 153 (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання), 186 (пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нават пры адсутнасці заявы асобы, якая пацярпела ад дзеянняў сямейнага агрэсара.

Так, у выязным судовым пасяджэнні ў аг. Вярхоўе судом разгледжана крымінальная справа, узбуджаная пракурорам раёна па арт. 186 КК Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да мясцовага жыхара, які ў адзін з дзён жніўня бягучага года, трымаючы ў руках канцылярскі нож з высунутым лязом, выказваў слоўныя пагрозы забойствам жонцы. Сам абвінавачаны тое, што адбылося, памятаў дрэнна, паколькі быў вельмі п'яны. Аднак сабраныя доказы дазволілі аднавіць карціну падзей, і прысудам суда з улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы сямейнаму дэбашыру вызначана выканаць 240 гадзін грамадскіх работ і прайсці курс проціаалкагольнага лячэння.

Усяго ж за мінулы перыяд 2018 года ў дачыненні да сямейных агрэсараў пракурорам раёна ўзбуджана 5 крымінальных спраў.

Пракурор Бешанковіцкага раёна

малодшы саветнік юстыцыі А.А. Старчанка