Прафарыентацыйная сустрэча на тэму выбару будучай прафесіі прайшла ў СШ №2 г. п. Бешанковічы
12 сакавіка 2026
Прафарыентацыйная сустрэча на тэму выбару будучай прафесіі прайшла ў СШ №2 г. п. Бешанковічы
Прафарыентацыйная сустрэча на тэму выбару будучай прафесіі прайшла ў СШ №2 г. п. Бешанковічы імя М. Н. Ткачэнкі. З навучэнцамі гутарылі прадстаўнікі Бешанковіцкага лясгаса – намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Алена Марозава і інжынер па ахове лесу Павел Чарняўскі.
Ідэолаг лясгаса расказала дзецям пра прадпрыемства, напрамкі яго дзейнасці і структуру, спецыфіку прафесій. Размова ішла і пра тое, якія навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў лясной гаспадаркі, якія правілы паступлення ў 2026 годзе. Даведаліся школьнікі і пра магчымасць атрымання мэтавага накіравання.
«Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Бешанковіцкі лясгас» мае магчымасць заключэння дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы на дзённую форму навучання ў навучальныя ўстановы ляснога профілю па спецыяльнасцях («Лясная гаспадарка») ва УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», «Полацкі дзяржаўны лясны каледж», «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж», –падкрэсліла Алена Марозава. – Акрамя таго, лясгас мае магчымасць прадаставіць мэтавыя дагаворы ва Ульскі дзяржаўны каледж імя Л. М. Даватара па рабочых прафесіях: кваліфікацыя «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый «С», «D». А таксама «Электразваршчык ручной зваркі 3 разраду» і «Кіроўца аўтамабіля катэгорыі «С».
Залічэнне абітурыентаў, якія маюць мэтавыя дагаворы, ажыццяўляецца па асобным конкурсе, і навучанне ажыццяўляецца на бюджэтнай аснове. Выпускнік, які атрымаў адукацыю на падставе мэтавай падрыхтоўкі, мае гарантаванае працаўладкаванне ў лесагаспадарчай установе.
Асаблівы акцэнт сустрэчы быў зроблены на тое, што цяпер усе мэтавікі будуць атрымліваць падтрымку ад лесгаса ў выглядзе пяці базавых велічынь. А гэта добрая прыбаўка да стыпендыі!
Падрабязную інфармацыю па пытаннях паступлення ў навучальныя ўстановы ляснога профілю, заключэння дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы можна атрымаць па тэлефоне 8-(033)-342-73-82.
Важнай інфармацыяй падзяліўся са школьнікамі і інжынер па ахове лесу. Спецыяліст нагадаў аб абароне лесу ад пажараў і забруджванняў, якія могуць мець катастрафічныя наступствы. «Мы ўсе нясем адказнасць за захаванне лясоў, прыроды, – адзначыў Павел Чарняўскі, падводзячы вынік сустрэчы. – Кожнае наша дзеянне паўплывае на іх будучыню».
"Зара"