Пракаціліся з ветрыкам
Жыхар г. Віцебска Грыгор'еў да 21 года атрымаў вадзіцельскае пасведчанне абзавёўся аўтамабілем маркі «CITROEN XANTIA» і 18 чэрвеня 2016 года прыехаў з бацькамі на дадзеным аўтамабілі ў в. Будзілава да сваякоў. Адпачываў у кампаніі сяброў, не абышлося і без спіртнога. Спачатку піва пасля лазні, а затым гарэлачка ў значнай дозе. У якасці вадзіцеля прыцягнуў цвярозага таварыша, а калі таварыш пайшоў дадому, каля клуба в. Будзілава пасадзіў на задняе сядзенне нецвярозага прыяцеля, сам сеў за руль. Шлях трымалі ў в. Вяжышча. У машыне гучна грала музыка, і з хуткасцю 100 км/гадз паімчаліся па вуліцы вёскі Будзілава, абганяючы моладзь, якая вярталася з дыскатэкі, да месца прызначэння. Настрой, падаграты спіртным, быў выдатны, стаж ваджэння не склаў і года. Не дзіўна, што юны вадзіцель у нецвярозым стане не справіўся з кіраваннем аўтамабілем і выехаў на сустрэчную паласу руху, а затым у кювет, дзе пярэдняй часткай аўтамабіля здзейсніў наезд на прыдарожнае дрэва. У выніку дарожна-транспартнага здарэння пасажыру аўтамабіля, які знаходзіўся не прышпіленым на заднім сядзенні аўтамабіля, былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні: закрытыя аскольчатыя пераломы 5,6 шыйных пазванкоў, удар і здушэнне спіннога мозгу, што пацягнула сіндром поўнага парушэння праводнасці спіннога мозгу, страту функцый цягліц верхніх і ніжніх канечнасцяў, парушэнне функцыі тазавых органаў.
Грыгор'еў здзейсніў менш цяжкае злачынства па неасцярожнасці. Ён, кіруючы крыніцай павышанай небяспекі, груба парушыў Правілы дарожнага руху. Нездарма ў народзе кажуць, што правілы дарожнага руху напісаны крывёй. Ён сеў за руль, знаходзячыся ў моцнай ступені алкагольнага ап'янення, значна перавысіў у цёмны час сутак дапушчальную для яго хуткасць руху.
Грыгор'еў характарызуецца станоўча, аказвае дапамогу пацярпеламу, чым заслужыў яго прабачэнне. Суд вынес у дачыненні да Грыгор'ева абвінаваўчы прысуд, згодна з якім ён пазбаўлены волі на 3 гады 6 месяцаў і будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў.
У выніку ДТЗ пацярпелы ў 25 гадоў стаў інвалідам 1 групы, яму трэба будзе яшчэ доўга аднаўляць здароўе. Хацелася б, каб тое, што здарылася, паслужыла добрым жыццёвым урокам асуджанаму і пацярпеламу, а таксама ўсім, хто лічыць магчымым садзіцца за руль транспартнага сродку ў стане алкагольнага ап'янення.
Намеснік пракурора
Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі
Ляшонак Э.І.