Пракуратура Бешанковіцкага раёна: 1 год 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам 100 базавых велічынь за абразу пракурорскага работніка «УКантакце»
Пракуратура Бешанковіцкага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара г. Віцебска, якому інкрымінавана публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Падчас судовага следства ўстаноўлена, што С. у жніўні 2021 года, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, з дапамогай мабільнага тэлефона «iPhone» са свайго ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» размясціў абразлівы каментарый у адрас старшага памочніка пракурора г. Віцебска. Такі каментарый ён размясціў у сувязі з выкананнем прадстаўніком нагляднага ведамства службовых абавязкаў і задач, ускладзеных на органы пракуратуры.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну прызнаў, раскаяўся ў зробленым, у мэтах загладжвання віны пералічыў 700 рублёў на разліковы рахунак дзіцячага дома, а таксама 200 рублёў – на разліковы рахунак прытулку для жывёл.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Бешанковіцкага раёна пастанавіў абвінаваўчы прыгавор. На падставе арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў С. пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў са штрафам 100 базавых велічынь.
Па правілах арт. 46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд прымяніў спецыяльную канфіскацыю да сродку здзяйснення злачынства – мабільнага тэлефона «iPhone», які бязвыплатна канфіскаваны ва ўласнасць дзяржавы.
Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Пракурор Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі А. А. Старчанка