Пракурор Бешанковіцкага раёна накіраваў у суд крымінальную справу аб ДТЗ, у якім пацярпелі два пешаходы.

Пракурор Бешанковіцкага раёна накіраваў у суд крымінальную справу па абвінавачванні 58-гадовага мясцовага жыхара ў парушэнні правіл дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Па матэрыялах справы абвінавачаны 05.11.2025 у вячэрні час рухаўся на легкавым аўтамабілі «Volkswagen Polo» па вул.Цэнтральнай у в.Крупеніна Бешанковіцкага раёна. Каля дома №13 на нерэгуляваным пешаходным пераходзе, абазначаным дарожнымі знакамі і разметкай, вадзіцель не прыняў мер да прыпынку аўтамабіля і здзейсніў наезд на двух пешаходаў.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння адной пацярпелай прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, па прыкмеце небяспекі для жыцця, другі пешаход істотна не пацярпеў.

Як растлумачыў пракурор раёна Урбановіч С.А., пешаходы знаходзіліся ў нецвярозым стане і не былі абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Разам з тым у такіх сітуацыях крымінальную адказнасць нясе вадзіцель, які, кіруючы крыніцай павышанай небяспекі, парушыў патрабаванні правіл дарожнага руху і не прадаставіў перавагу пешаходам.     

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Бешанковіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Пасля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры раёна прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання і аб'ектыўным даследаванні абставін злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй дзеянняў па ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Абраную раней у дачыненні да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пракурор раёна пры накіраванні справы ў суд пакінуў без змены.