Пракурорскія работнікі ўшанавалі памяць загінуўшых жыхароў вёскі Каранёва

Да вайны на высокім заходнім беразе Каранёўскага возера размяшчалася невялікая вёска з аднайменнай назвай. З вышыні адкрываўся прыгожы від на возера і сасновы бор на процілеглым беразе. Словам, цудоўны куток беларускай зямлі. Гісторыю гэтага месца назаўсёды змяніла вайна. Прыблізна ў снежні 1943 года гітлераўскія каты спалілі населены пункт і забілі ўсіх яго жыхароў (у спісах ахвяр значыцца больш за 30 чалавек).
Кара адрознівалася асаблівай жорсткасцю, жыхароў сагналі і спалілі жыўцом у адным доме. На сённяшні дзень не ўстаноўлена асноўная прычына гэтага зверства, ды і ці патрэбна яна, калі на коне жыцці столькіх людзей.
Сёння на месцы вёскі знаходзіцца памятная пліта і абеліск на брацкай магіле загінуўшых мірных жыхароў. Тэрыторыя былой вёскі цалкам зарасла лесам. Дабрацца сюды ў дадзены момант можна толькі пешшу.
Пракурорскія работнікі сумесна з супрацоўнікамі Бешанковіцкага гісторыка-краязнаўчага музея ўшанавалі памяць мірных жыхароў, пакінулі кветкі і лампадку. Не варта забываць тых зверстваў, якія перажыў беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны.


Пракурор Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі А.А. Старчанка