Пракурорскі нагляд у сферы захавання заканадаўства аб працы

Нагляд за захаваннем заканадаўства аб працы ў частцы своечасовай выплаты заработнай платы работнікам наймальнікамі з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці пракуратуры Віцебскай вобласці.

Асноўнымі прычынамі пратэрмінаванай запазычанасці па заработнай плаце па-ранейшаму застаюцца адсутнасць у арганізацый уласных сродкаў, высокая закрэдытаванасць, нізкая рэнтабельнасць і стратнасць арганізацый, скарачэнне бюджэтнага фінансавання.

Згодна са статыстычнымі дадзенымі на 01.09.2016 запазычанасць па заработнай плаце дапусцілі 114 арганізацый вобласці на агульную суму 3 948,9 тыс. рублёў, у тым ліку за жнівень 2016 г. – 3 831,3 тыс. рублёў, за папярэднія месяцы – 117,6 тыс. рублёў.

У цэлым, прынятыя меры пракурорскага рэагавання спрыялі змяншэнню колькасці фактаў несвоечасовай выплаты заработнай платы. Так, па стане на 01.01.2016 запазычанасць па заработнай плаце мелі 122 арганізацыі на агульную суму 44 215,8 млн. недэнамінаваных рублёў; на 01.04.2016 запазычанасць дапусцілі 188 арганізацый на агульную суму 93 794,1 млн. недэнамінаваных рублёў, па стане на 01.07.2016 запазычанасць па выплаце заработнай плаце мелі 123 арганізацыі на агульную суму 43 557,5 млн. недэнамінаваных рублёў.

Усяго за 9 месяцаў бягучага года пракурорамі гарадоў і раёнаў, Віцебскім і Аршанскім транспартнымі пракурорамі ўнесена 51 прадстаўленне, вынесена 124 прадпісанні, абвешчана 34 афіцыйныя папярэджанні. Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 84 асобы.

Акрамя таго, пастановамі гаррайпракурораў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях 250 службовых асоб, якія пратэрмінавалі выплату заработнай платы работнікам, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У ходзе выканання прадпісанняў запазычанасць па заработнай плаце выплачана ў памеры 764 147,96 рублёў.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці пракуратуры Віцебскай вобласці з'яўляецца праца са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, у ходзе разгляду якіх нярэдка пракурорамі выяўляюцца парушэнні працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовасці выплаты заработнай платы.

Згодна са статыстычнымі дадзенымі за 9 месяцаў 2016 г. нязначна павялічылася колькасць вырашаных зваротаў грамадзян аб парушэннях працоўнага заканадаўства, у тым ліку і па пытаннях несвоечасовай выплаты заработнай платы (147 зваротаў (у 2015 годзе – 133), з якіх задаволена цалкам 40 (43) звароты).

Па фактах парушэнняў заканадаўства аб працы, выяўленых у ходзе разгляду зваротаў грамадзян, пракурорамі прымаюцца адпаведныя меры рэагавання ў мэтах ліквідацыі дапушчаных парушэнняў, прычын і ўмоў, якія ім спрыялі.

Пракурорскі нагляд у названай сферы носіць сістэмны характар і знаходзіцца на пастаянным кантролі пракуратуры Віцебскай вобласці. У нагляднай дзейнасці нязменным застаецца патрабаванне да дакладнага і аднастайнага выканання заканадаўства аб працы, захавання канстытуцыйных правоў работнікаў.

Пракурор аддзела па наглядзе за
выкананнем заканадаўства
і законнасцю прававых актаў
юрыст 1 класа
Вікторыя Хроль