Праведзена судова-медыцынская экспертыза касцяных астанкаў, знойдзеных каля вёскі Слабада, ва ўрочышчы «Лісіныя норы».

Аб яе выніках расказвае член следчай групы па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа нацысцкімі злачынцамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, памочнік пракурора раёна Сяргей Кір'янаў:

— Згодна з заключэннем экспертаў, — паведаміў Сяргей Аляксандравіч, — знойдзеныя костныя астанкі належаць не менш чым 65 чалавекам, у тым ліку 4 жанчынам (больш дакладна выказацца аб дакладнай колькасці пахаваных людзей і іх полавай прыналежнасці на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымым). Месца пахавання ўяўляе сабой расстрэльную яму, размешчаную ў лясным масіве, у якой целы людзей ляжалі ў некалькі радоў, кожны з якіх быў прысыпаны зямлёй, што сведчыць хутчэй не аб адначасовым знішчэнні мірнага насельніцтва. Вядома, што ў гады акупацыі нацысцкія злачынцы вывозілі людзей у лес, бязлітасна забівалі і закопвалі.

Тое, што забітыя — гэта мірныя грамадзяне, пацвердзіў і агляд знойдзеных пошукавікамі і вынятых з пахавання фрагментаў абутку, прадметаў, асабістых рэчаў загінулых. Яго Сяргей Аляксандравіч Кір'янаў правёў сумесна са спецыялістам — экспертам ЭКС па Бешанковіцкім раёне Лепельскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз маёрам юстыцыі Аляксандрам Леанідавічам Бабаедам. Праца праведзена вялікая, старанна агледжаны кожны прадмет.

— Усе вынятыя з месца пахавання фрагменты абутку сведчаць аб тым, што ён грамадзянскі, — распавядаў С. А. Кір'янаў. — Разам з дарослым знойдзены абутак невялікіх памераў, збольшага дзіцячы або жаночы. Асноўная маса — гэта гумовы абутак, на якім выяўлены назвы фабрык, дзе ён быў выраблены: Ленінградскай — «Чырвоны трохвугольнік» і Маскоўскай — «Чырвоны волат». На фрагментах дзіцячых галёш, вырабленых польскай фабрыкай, значыцца назва «ARDAL». Усе выяўленыя даты выпуску адносяцца да 1938-1941 гадоў. Абутку 1942-га і наступных гадоў не знойдзена. На тое, што ў лясным масіве былі расстраляны мірныя грамадзяне, паказваюць і выяўленыя сярод астанкаў асабістыя рэчы загінулых: кашалёк з савецкімі манетамі 1938 года, маленькія люстэркі, гузікі ад грамадзянскага адзення, брытва, раменьчыкі ад наручных гадзін, грабяні для валасоў.

Усё разам узятае толькі пацвярджае інфармацыю аб масавым знішчэнні ў 1942 годзе ва ўрочышчы «Лясныя норы» мірнага насельніцтва, атрыманую ад мясцовых жыхароў у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. А таксама звесткі, якія змяшчаюцца ў актах за 1945 год Надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі, што захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, дзе гаворыцца аб расстрэле ў 1942 годзе 350-365 мірных жыхароў вёсак Слабада і Бартнікі.

На катаў паказваюць рэчавыя доказы — выяўленыя на месцы расстрэлу боепрыпасы ваеннага перыяду (кулі і гільзы), выпушчаныя з нямецкай зброі, якая знаходзілася на ўзбраенні вермахта, асобныя з якіх прамаркіраваны штэмпелямі 1938 года і эмблемай SS у выглядзе дзвюх характэрных маланкаў…

Ужо ў лістападзе, паведаміў Кір'янаў, агледжаныя прадметы, кулі і гільзы пракуратура перадасць у фонд Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, а парэшткі ахвяр генацыду з пашанай будуць пахаваны і перададзены зямлі ў аграгарадку Ула, як таго патрабуюць чалавечыя законы сумлення, гонару і паважлівага стаўлення да памяці продкаў. Гэта наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб прах загінуўшых быў перададзены зямлі, а кожная старонка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны была перададзена падрастаючаму пакаленню.