Праведзены сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы па патэнцыяльна небяспечных аб'ектах Бешанковіцкага раёна

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна сумесна з РАНС Бешанковіцкага раёна праведзены маніторынг стану работы па выкананні заканадаўства аб папярэджанні гібелі дзяцей ад знешніх прычын. У ходзе маніторынгу абследаваны аб'екты, якія ўваходзяць у спіс патэнцыяльна небяспечных, зацверджаны Бешанковіцкім раённым выканаўчым камітэтам, а таксама выяўлены іншыя аб'екты, якія ўяўляюць небяспеку для непаўналетніх.

У пашпарт патэнцыяльна небяспечных аб'ектаў і месцаў для знаходжання непаўналетніх на тэрыторыі Вярхоўскага сельскага Савета ўключаны два двухпавярховыя шматкватэрныя жылыя дамы па вул.Савецкай у аг.Вярхоўе. З боку дарогі вокны ніжніх паверхаў абодвух дамоў забіты дошкамі. Разам з тым, з боку двара ўваход у названыя дамы не абмежаваны. Лесвіцы ў дамах знаходзяцца ў аварыйным стане, цагляны мур сцен мае значныя расколіны, у падлогавым пакрыцці ўтварыліся праёмы.

У аг.Вярхоўе паблізу жылых дамоў знаходзіцца таксама будынак недабудаванага дзіцячага сада. Памяшканні ўнутры названага збудавання знаходзяцца ў аварыйным стане, цэгла, з якой пабудаваны сцены, абвальваецца, паміж бетоннымі плітамі маюцца поласці (асобныя глыбінёй да трох метраў і шырынёй да метра), у будынку таксама маецца вялікая колькасць лесвіц, не абсталяваных парэнчамі, што стварае пагрозу падзення з вышыні не менш за два метры, аднак ва ўсе памяшканні будынка маецца свабодны доступ, што стварае пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Відавочныя факты неаднаразовага пранікнення старонніх асоб у пустуючыя памяшканні, пра што сведчыць наяўнасць смецця і бутэлек ад спіртных напояў.

Пры наведванні двухпавярховага шаснаццацікватэрнага жылога дома ў в.Забелле ўстаноўлена, што ў памяшканні будынка маецца свабодны доступ, вокны не забіты. Пры візуальным аглядзе ўстаноўлена, што перакрыцці маюць стары выгляд, дах месцамі прагніў, магчыма яго далейшае разбурэнне, у сценах маюцца расколіны, выпадаюць цэглы. У пакоі праз праёмы вокнаў насельніцтва скідвае бытавыя адходы. Закінуты дом размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў, пры гэтым у в.Забелле пастаянна пражывае 68 чалавек, 5 з якіх – маладзейшыя за 15 гадоў.

У пашпарт патэнцыяльна небяспечных аб'ектаў уключаны адміністрацыйны будынак, размешчаны па вул.Цэнтральнай у в.Плісы. Пры наведванні ўстаноўлена, што закінуты будынак знаходзіцца ў цэнтры вёскі (насельніцтва – 100 чалавек, з іх – 6 непаўналетніх), паблізу ад жылых дамоў, у будынак свабодна можна пранікнуць праз вокны першага паверха і дзвярны праём. Сцены, столі і, асабліва, месцы праёмаў у сценах знаходзяцца ў аварыйным стане, некаторыя перакрыцці пашкоджаны, цэглы і будаўнічыя канструкцыі абсыпаюцца. Акрамя таго, пры абследаванні памяшкання ўстаноўлена, што дадзены будынак з'яўляецца месцам распіцця спіртных напояў, што пацвярджаецца значнай колькасцю пустых бутэлек ад спіртных напояў.

У ходзе маніторынгу таксама абследаваны кар'еры на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. Так, пры абследаванні ўнутрыгаспадарчага кар'ера ў в.Слабада ўстаноўлена, што краі не прыведзены ў бяспечны стан, некаторыя адхоны маюць адвесную вышыню, што выклікае іх самаадвольнае абсыпанне ўнутр кар'ера, што ў сваю чаргу стварае пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Забараняльных знакаў аб небяспецы знаходжання ў кар'еры не маецца, што сведчыць аб відавочным грэбаванні патрабаваннямі бяспекі.

Падчас маніторынгу выяўлены пустуючыя будынкі ферм у в.Вяжышча і в.Верхняе Крывіна. Так, пры абследаванні названых ферм устаноўлена, што ў памяшканні не абмежаваны доступ, па перыметры раскіданы металічныя канструкцыі. Ферма ў в.Верхняе Крывіна мае небяспечна стары стан, дах мае праёмы, перакрыцці зношаныя, існуе верагоднасць іх абвальвання, у той жа час праходы ў памяшканні не зачынены. Апісаныя вышэй будынкі размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў. У в.Вяжышча пражывае 130 чалавек, з іх 16 дзяцей да 15 гадоў, у вёсцы Верхняе Крывіна – 306 чалавек, з іх 55 дзяцей.

У сілу абз.3 п.п.3.1 п.3 Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 11.03.2004 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» (далей – Дырэктыва №1) уласнікі (арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю маёмасці і кіраванне ёй) невыкарыстоўваемых капітальных будынкаў, збудаванняў, абавязаны прымаць меры па абмежаванні доступу старонніх асоб у дадзеныя будынкі (памяшканні). Пракуратурай раёна ў Бешанковіцкі выканаўчы камітэт унесена прадстаўленне з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя парушэнні, абмежаваць доступ у пустуючыя будынкі, прыняць меры па забеспячэнні бяспекі.

Бацькам таксама неабходна вялікую ўвагу надаваць кантролю за месцазнаходжаннем сваіх дзяцей, каб не дапусціць узнікнення надзвычайных сітуацый у месцах, якія ўяўляюць небяспеку для непаўналетніх.

Памочнік пракурора
Бешанковіцкага раёна
юрыст 2 класа А.Л. Патапенкава