📜 Гісторыя

Старажытная гісторыя і першае згадванне

Бешанковіцкі раён

Бешанковіцкі раён мае багатую гісторыю і глыбокія культурныя традыцыі.

95–14 тысяч гадоў таму ўся тэрыторыя сучаснага Бешанковіцкага раёна была пакрыта лёдам паазерскага зледзянення. Адакладанні паазерскага ўзросту месцамі дасягаюць таўшчыні 75 метраў. З гэтым зледзяненнем звязаны валуны, камяні, прынесеныя ледніком, у багацці раскіданыя па ўсёй тэрыторыі раёна. Некаторыя з камянёў людзі здаўна вылучалі і лічылі «асаблівымі». Асаблівыя валуны – гэта камяні, якія валодаюць вялікімі памерамі, незвычайнай формай, асаблівым колерам, тэмпературай. Яны заўсёды прыцягвалі ўвагу людзей і былі вылучаны ў ландшафце. Пра іх складзены цікавыя гісторыі. На ўчастку ракі Заходняя Дзвіна ў Бешанковічах падчас засухі выяўлены таямнічыя камяні з выгравіраванымі літарамі. Два камяні з літарамі «Е» або «Ш» – на левым беразе ракі і два камяні з літарай «А» – на правым.

Каля 11 тысяч гадоў таму прыйшоў чалавек на бешанковіцкую зямлю, вызваленую ад лёду, засяліў яе, абжыў, пабудаваў свае паселішчы. Жыў сваёй працай, змагаўся з ворагамі, якія не раз прыходзілі да нас, спадзеючыся на багатую здабычу.

Першае згадванне:
Упершыню паселішча згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1447 годзе. Інфармацыю пра першае згадванне пра Бешанковічы можна сустрэць у А.П.Сапунова: «У 1447 годзе Казімір IV у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя Іллі – прарока па берагах рэк Дзвіны, Дняпра, Сожа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы». Сапуноў спасылаецца на запіскі Ігумена Арэста рукапісаў «Гісторыя Магілёўскага манастыра». Гэтая ж інфармацыя паўтараецца ў беларускага гісторыка Турыновіча, але дата заснавання цэркваў называецца іншая – 1460 год. Першае дакументальнае згадванне пра вёску Бешанковічы, якая ўваходзіла ў Крывінскую воласць, датуецца 1508 годам.

У другой палове 15 стагоддзя Бешанковічы ўваходзілі ў Крывінскую воласць Полацкага ваяводства, цэнтрам якой быў маёнтак Крывіна. Каля 1490 года вялікі князь літоўскі Казімір Ягелон падарыў маёнтак Бешанковічы ў спадчыннае ўладанне князю Сакалінскаму. З тых часоў больш за 100 гадоў вёска належала князям Друцкім-Сакалінскім. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а з 1504 года — Полацкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1552 годзе ў Бешанковічах было 34 двары.

На месцы зліцця рэк Заходняя Дзвіна і Ула ў 1567 годзе па загадзе рускага цара Івана IV Грознага была пабудавана крэпасць. Падчас вайны 1654 – 1667 гг. паміж рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай крэпасць была спалена і на яе месцы ў 1669 годзе пабудаваны драўляны касцёл у імя Святога Духа. У 1864 годзе на грошы Ігнація Рэута ўзведзены каменны касцёл у імя Святога Лукі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны храм моцна пацярпеў, аднак у 1999 годзе быў адноўлены і дзейнічае да цяперашняга часу.

Эпоха Сапегаў і Петрапаўлаўскі кірмаш

У 1605 годзе Саколінскі прадаў Бешанковічы шляхцічам Язерскім, ад якіх у 1615 годзе Бешанковічы перайшлі да аршанскага маршалка Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы разам з іншымі маёнткамі куплены канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Амаль два стагоддзі прадстаўнікі гэтага роду былі звязаны з Бешанковіцкім краем.

У 1622 годзе аршанскі і чэрыкаўскі стараста Аляксандр Дажбог (Багдан) Сапега ў азнаменаванне пераможнага вяртання літоўскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў Хацінскай бітве, пабудаваў у мястэчку Астроўна касцёл і заснаваў дамініканскі манастыр. У 1864 годзе храм перададзены праваслаўнай епархіі. У 1873 годзе пасля перабудовы пачала дзейнічаць Свята-Троіцкая царква.

З 14 ліпеня 1632 года Бешанковічы становяцца ўласнасцю сына Льва Сапегі – Казіміра Львовіча Сапегі. З яго імем звязана развіццё гарадскога ўладкавання і гандлю ў Бешанковічах. Дзякуючы новаму ўладальніку мястэчка ў 1634 годзе атрымала Магдэбургскае права. Гэта дазваляла Бешанковічам ладзіць 2 кірмашы ў год.

Найбольш вядомы з іх кірмаш, які пасля пабудовы ў 1708 г. праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквы стаў адкрывацца ў дзень святых Пятра і Паўла па рускім (юліянскім) календары і заканчваўся пасля другога жніўня, дня памяці святога, у гонар якога быў асвечаны іншы бешанковіцкі храм – уніяцкая Свята-Ільінская царква. Сам кірмаш па дні адкрыцця называлі «Петрапаўлаўскім». На гандлёвай (базарнай) плошчы, якая размяшчалася паміж мястэчкам Бешанковічы і маёнткам Храптовічаў, былі пабудаваны каменныя гандлёвыя рады на 60 крам – двухпавярховы будынак, у асобных памяшканнях якога прыезджыя гандляры захоўвалі пад замком свае прывезеныя тавары. Бешанковіцкі «Петрапаўлаўскі» кірмаш лічыўся другім па значнасці ў Беларусі, саступаючы толькі Анненскаму кірмашу ў Зэльве. Сюды з'язджаліся да 4-5 тысяч чалавек з Прыдзвіння, Прыдняпроўя, іншых гарадоў і мястэчак, — як з тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і сучаснай Расіі, а таксама заходнееўрапейскія купцы.

У 1650 годзе Казімірам Сапегам у мястэчку Бешанковічы быў пабудаваны першы каталіцкі храм у імя Святога Казіміра каралевіча і Архангела Рафаіла. Храм адбудоўвалі пасля пажараў у 1785 і ў 1876 гадах. У 1930-я гады ён быў закрыты. Моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2019 годзе ў гарадскім пасёлку Бешанковічы асвечаны новы каменны касцёл у гонар Святых Пятра і Паўла, які размяшчаецца ў цэнтры гарпасёлка.

Гандлёвыя шляхі і візіты імператараў

Мястэчка Бешанковічы, размяшчаючыся на скрыжаванні водных і сухапутных гандлёвых шляхоў, хутка ператварылася ў буйны населены пункт. У гістарычных дакументах сярэдзіны XVII стагоддзя мястэчка Бешанковічы партовы горад на рацэ Заходняя Дзвіна. У XIX стагоддзі графам Ірынеем Храптовічам былі пабудаваны тры свірны велізарных памераў. Два свірны захаваліся да цяперашняга часу. У зімовы час пабудовы напаўняліся таварамі, вырабленымі ў бешанковіцкім маёнтку, якія вясной па высокай вадзе адпраўляліся ў Рыгу. Для паскарэння і палягчэння пагрузкі ад дзвярэй свірнаў да рачных судоў працягвалі драўляныя жолабы, па якіх спускаліся грузы.

З сярэдзіны XVII амаль да канца XVIII стагоддзя Бешанковіцкі край трапіў ва ўладанне да прадстаўнікоў уплывовага роду Агінскіх. Падчас валодання гэтым родам Бешанковічамі ў мястэчку быў пабудаваны першы радавы палац.

У гады Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг. рускі цар тройчы спыняўся ў Бешанковічах. Першы раз 8 лютага 1701 года, калі ехаў на сустрэчу з польскім каралём Аўгустам II. Другі раз 11 чэрвеня 1705 года па дарозе ў Полацк. І каля двух тыдняў імператар правёў у Бешанковічах у 1708 годзе. 10 сакавіка тут адбыўся вялікі руска-польскі савет з удзелам імператара, знакамітых рускіх военачальнікаў. Абмяркоўваўся план адпору шведам на чале з Карлам XII. Сам Пётр Першы спыняўся ў палацы Сапегаў.

У 1769 годзе ў маёнтку Бачэйкава ўладальнік Фелікс Цеханавецкі пабудаваў палац і заклаў рэгулярны парк французскага тыпу, які ў цяперашні час з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь трэцяй катэгорыі. У 1916 годзе ўладальнікі маёнтка пакінулі м.Бачэйкава, асцерагаючыся надыходзячага фронту. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі палац княжацкага роду Цеханавецкіх быў канфіскаваны ва ўласнасць дзяржавы. У 1920 – 1930 гадах тут размяшчаўся дзіцячы дом. У пачатку ліпеня 1941 года, падчас абарончых баёў Чырвонай Арміі супраць гітлераўскіх захопнікаў будынак былога палаца моцна пацярпеў. Да цяперашняга часу захаваліся дом лоўчага, гаспадарчая пабудова і парк.

У 1783 годзе Бешанковічы сталі ўласнасцю Іаахіма Літавора Храптовіча. Ён пабудаваў тут новы палац, разбіў парк і сад. Гэты палацава-паркавы ансамбль знаходзіцца ў цэнтры г.п.Бешанковічы. Ён складаецца з двух палацаў і парку. Парк у Бешанковічах займаў значнае месца. Ён спускаўся да Заходняй Дзвіны. Паводле падання, у парку пад дубам быў разбіты шацёр Напалеона Банапарта, а сам імператар пажадаў начаваць у маёнтку графа Храптовіча.

Вуліца «Віцебская шаша», якая знаходзіцца пры выездзе з Бешанковіч у бок Віцебска, ужо больш за 200 гадоў захоўвае сваю назву. Раней яна пачыналася каля самога графскага палаца. Магчыма, і назву сваю атрымала па ініцыятыве ўладальніка маёнтка Ірынея Храптовіча. У цяперашні час Віцебская шаша бярэ пачатак на скрыжаванні вуліц Камуністычная, Інтэрнацыянальная і Чарняхоўскага. Цікава і тое, што самая паўднёвая вуліца Віцебска носіць назву – Бешанковіцкая шаша.

Айчынная вайна 1812 года

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 да 1796 г. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Лепельскага павета Полацкай губерні. З 1796 г. пасля рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Паўла I - сталі цэнтрам воласці ў Беларускай губерні. З 1802 г. Бешанковічы становяцца цэнтрам воласці ў Віцебскай губерні, зноў увайшоўшы ў склад Лепельскага павета.

У Айчынную вайну 1812 года ў Бешанковічах размяшчаўся французскі гарнізон і штаб Напалеона. У ваколіцах мястэчка адбылося некалькі бітваў паміж арміямі Барклая дэ Толі і Мюрата. У ліпені 1812 года Напалеон знаходзіўся ў Бешанковічах разам з італьянскім віцэ-каралём Яўгенам Багарнэ і неапалітанскім каралём Мюратам. Разам з Багарнэ падарожнічаў нямецкі мастак Альбрэхт Адам, захавалася яго карціна «Напалеон і яго войскі пад Бешанковічамі». Таксама, у серыі карцін і літаграфій Бешанковічы адлюстраваў нямецкі мастак Крысціян-Вільгельм Фабер-дзю-Фор, які служыў у французскай арміі і прайшоў усю ваенную кампанію 1812 года.

13-14 (25-26) ліпеня 1812 года ў ваколіцах Астроўна адбылося некалькі буйных баёў паміж расійскім войскам пад кіраўніцтвам генералаў Астэрмана-Толстага і Каноўніцына і авангардам напалеонаўскай арміі пад кіраўніцтвам маршалаў Мюрата і Багарнэ.

Бешанковічы былі вызвалены ад французаў 20 кастрычніка 1812 года рускімі войскамі на чале з генералам Вітгенштэйнам. Помнікам аб мінулых баях у Бешанковічах стала захаваная «Батарэя» — так мясцовыя жыхары назвалі земляны вал падкавападобнай формы на правым беразе Заходняй Дзвіны даўжынёй каля 800—900 метраў.

У верасні 1821 года ў Бешанковічах адбыўся агляд рускай гвардыі імператарам Аляксандрам I. У гэтым парадзе прынялі ўдзел многія будучыя дзекабрысты. Вынік агляду не спадабаўся імператару, і тады было ўладкавана свята, для якога арганізавалі бівак на паўтары тысячы чалавек з раскошным сталом і аркестрам з 400 музыкантаў. Мэтай гэтага балю было прымірэнне Аляксандра I са сваёй гвардыяй пасля Сямёнаўскай гісторыі. У якасці камандзіра адной з гвардзейскіх брыгад у Бешанковічах знаходзіўся брат Аляксандра Мікалай Паўлавіч, будучы імператар Усерасійскі Мікалай I.

Развіццё ў XIX – пачатку XX стагоддзя

У 1823 годзе ў Бешанковічах сяляне ўчынілі бунт.

У 1846 годзе ў вёсцы Добрыгоры Лепельскага павета пабудавана Мікалаеўская царква. Гэта адзіны драўляны храм у Бешанковіцкім раёне. З 1856 года пры Мікалаеўскай царкве дзейнічала царкоўна-прыходская школа, дзе дзеці мясцовых сялян маглі навучыцца грамаце. Храм адноўлены ў 1999 годзе. Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю, гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі.

У 1857 годзе ўзніклы пажар знішчыў касцёл і царкву Пятра і Паўла.

У 1866 годзе Міхаілам Францавічам Кусцінскім былі зроблены першыя фатаграфіі мясцовых жыхароў Бешанковіцкага краю. Грошы для пакупкі фатаграфічнага апарата і хімічных рэактываў для фотадруку выдзеліла Віцебскае губернскае праўленне. Фатаграфіі створаны для экспанавання на Усерасійскай этнаграфічнай выставе 1867 года. За ўдзел у выставе Міхаілу Францавічу была ўручана ўзнагарода – малы сярэбраны медаль.

У 1868 г. у мястэчку было 392 пабудовы; працавала народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, піваварнае прадпрыемства, 115 лавак. Піваварня, заснаваная ў 1780 г. М.Агінскім, лічылася самай старой на тэрыторыі Беларусі. З 1881 года па Заходняй Дзвіне з Улы ў Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы.

У 1870 г. стараннямі настаяцеля Іосіфа Нікановіча пабудаваны цагляны будынак Свята-Ільінскай царквы, якая з'яўляецца адной з галоўных славутасцяў гарадскога пасёлка Бешанковічы. Перажыўшы многія гістарычныя катаклізмы (Кастрычніцкую рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну) будынак храма захаваўся да цяперашняга часу, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі. Свята-Ільінскую царкву ўпрыгожваюць залатыя купалы, новы драўляны іканастас ручной работы, роспісы на сценах. Пры храме дзейнічаюць нядзельная школа і сястрыцтва.

У 1875–1876 гады мястэчка наведаў знакаміты дырыжор, кампазітар, мастак, майстар архітэктурнага пейзажу Напалеон Орда. У 1875 годзе мастак стварыў малюнак пабудаванага ў 1864 годзе парафіяльнага касцёла Святога Лукі ў мястэчку Ула. У 1876 годзе яго запрасілі на ўрачыстае асвячэнне адбудаванага пасля пажару касцёла Святога Казіміра каралевіча і архангела Рафаіла ў м. Бешанковічы. Падчас знаходжання ў маёнтку Храптовіча Напалеон Орда стварыў малюнак бешанковіцкага палаца.

Да 1894 года адносіцца адно з першых згадванняў пра фармацэўтычную службу раёна. Тады ва Уле адкрылася прыватная аптэка двараніна. У першы год працы ў ёй было выдадзена лекаў па 467 рэцэптах, а ў наступным – па 1330. Першыя дзяржаўныя аптэкі адкрыліся ў Бешанковічах, Бачэйкаве, Уле ў пачатку 1930-х гадоў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яны былі знішчаны, новыя прыйшлося размяшчаць у прыватных дамах. У Бешанковічах аптэка адкрылася ў 1954 годзе на вул.Інтэрнацыянальнай,16. У 1992-м установа пачала працу ў новым будынку па вуліцы Савецкай, 36.

У 1897 годзе ў Бешанковічах было 1 099 будынкаў, працавалі пошта, тэлеграф, школа, 3 народныя вучылішчы, 127 лавак, бальніца.

У 1897 годзе ва Уле быў пабудаваны Храм Святой Жываначальнай Тройцы. Выкананы ў рэтраспектыўна-рускім стылі на выдзеленыя дзяржавай 35 тысяч рублёў срэбрам. У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ва Уле ішлі жорсткія баі, храм моцна пацярпеў і доўга знаходзіўся ў разбураным выглядзе. Да 2010 года стараннямі мясцовых прыхаджан царква адноўлена і дзейнічае да цяперашняга часу.

30 жніўня 1906 года ў вёсцы Марцінава асвечана адбудаваная цагляная царква ў імя Святога Дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Асвячэнне правёў благачынны 3-га Лепельскага акругі Антоній Шывельскі. Царква пабудавана па праекце І.Ф. Коршыкава. Першым святаром у ёй служыў Мікалай Турын. Пры храме да 1917 года дзейнічала царкоўна-прыходская школа. Будынак храма моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Да цяперашняга часу захаваліся руіны храма.

14 мая 1911 года Віцебская археаграфічная камісія на параходзе «Адлёт» арганізавала экскурсію па рацэ Заходняя Дзвіна ў мястэчка Бешанковічы. Экскурсію праводзіў краязнаўца Пётр Матвеевіч Красавіцкі. У ходзе падарожжа з Віцебска ў мястэчка Бешанковічы па Заходняй Дзвіне, экскурсанты, якія мелі фатаграфічныя апараты, зрабілі вялікую колькасць фотаздымкаў ракі і мястэчка Бешанковічы.

Савецкі даваенны перыяд

У 1917 годзе ў Бешанковічах была ўстаноўлена савецкая ўлада.

У 1922 годзе Бешанковічы моцна пацярпелі ад пажару. Згарэла 90 % будынкаў. У 1931 годзе ад яшчэ аднаго пажару пацярпела сінагога і школа яўрэйскай абшчыны.

У 1924 годзе тэрыторыя сучаснага Бешанковіцкага раёна была перададзена са складу РСФСР у склад БССР у рамках першага ўзбуйнення БССР. У 1924 годзе ўтвораны Бешанковіцкі раён. Бешанковічы становяцца раённым цэнтрам Віцебскай акругі, а з 1938 года — Віцебскай вобласці, атрымаўшы статус гарадскога пасёлка.

Даваенны перыяд
Адміністрацыйны лад:
Бешанковіцкі раён быў утвораны 17 ліпеня 1924 г. Да 26 ліпеня 1930 г. уваходзіў у Віцебскую акругу.

Разам з Бешанковіцкім раёнам у 1924 годзе быў утвораны Ульскі раён з цэнтрам у мястэчку Ула ў складзе Полацкай акругі. Па дадзеных 1926 года меў плошчу 1281 квадратных кіламетраў, насельніцтва – 44,5 тысячы чалавек. У 1931 годзе раён быў скасаваны, а яго тэрыторыі адышлі суседнім раёнам. У 1938 годзе Ула атрымала статус гарадскога пасёлка.

15 лютага 1931 г. у склад раёна было ўключана 3 сельсаветы (Астравенскі, Пліскі, Сініцкі) са складу скасаванага Віцебскага раёна, 8 ліпеня 1931 г. – 2 сельсаветы (Ульскі і Хоцінскі) скасаванага Ульскага раёна.

З 8 ліпеня па 25 ліпеня 1931 г. Бачэйкаўскі сельсавет часова знаходзіўся ў складзе Чашніцкага раёна.

25 ліпеня 1931 г. да Бешанковіцкага раёна далучаны Сакароўскі сельсавет Чашніцкага раёна і Усвейскі сельсавет Сіроцінскага раёна.

20 лютага 1938 г. уключаны ў Віцебскую вобласць. У 1938 г. у раёне было 20 сельсаветаў і 2 мястэчкі (Бешанковічы і Ула). У 1938 г. мястэчка Бешанковічы было пераўтворана ў пасёлак гарадскога тыпу.

У 1925 г. створаны саўгас «Бачэйкава», калгас «Нізгалава» ў вёсцы Двор Нізгалава, латышская арцель «Латніс-Земкапіс» у вёсцы Буй, арцелі «Працавітасць» і «Іванава». За перыяд з 1 кастрычніка 1928 г. па 1 мая 1929 г. у раёне было створана 14 калгасаў.

У 1927 г. у раёне працавала 2 сямігодкі, 3 школы першай ступені, 21 школа малапісьменных, 13 пунктаў лікбезу, дзе вучыліся 4107 чалавек усіх узростаў. Па стане на 1 студзеня 1933 г. адукацыйная сістэма раёна ўключала ў сябе: 20 школ сялянскай моладзі (ШСМ) з 5146 вучнямі і 140 настаўнікамі; 76 чатырохгодак з 6365 вучнямі і 140 настаўнікамі. 92% жыхароў раёна былі пісьменнымі. За перадваенныя гады было пабудавана яшчэ 47 школ, дзе ў 1940 – 1941 гг. вучылася 12 577 чалавек. Былі адкрыты дзіцячыя сады ў Бешанковічах, Берастнях і Паліцах. Бальніцы працавалі ў Астроўна, Бешанковічах, Уле, Бачэйкаве і Слабодцы. Кожная бальніца мела сваю прысядзібную гаспадарку і коней.

У 1928 годзе ў вёсцы (цяпер аграгарадок) Бачэйкава, у былым маёнтку Цеханавецкіх, рэжысёр Уладзімір Баллюзек, які працаваў на кінастудыі «Белдзяржкіно», зняў чорна-белую нямую сатырычную камедыю «Джэнтльмен і певень» (іншая назва «Петухі пераклікаюцца»). У карціне, якая супрацьпастаўляла жыццё ў Савецкай Беларусі і панскай Польшчы, здымаліся зоркі савецкага нямога кінематографа: Леў Дабравольскі, Алена Валынцава, Кірыл Гун, Сцяпан Кузняцоў і інш. Частку роляў выканалі жыхары вёскі Бачэйкава.

У 1928 годзе ва Уле інжынерамі І.Барабанавым і М.Эйгорнам быў збудаваны стацыянарны мост. Лёс моста аказаўся няпростым – у 1941 годзе мост моцна пацярпеў. Часова дзейнічаў з драўляным насцілам. Мост ва Уле быў цалкам адноўлены ў студзені 1995 года. Гэта адзіны ў раёне стацыянарны мост праз Заходнюю Дзвіну.

«Сталінец» – першая раённая газета, упершыню выйшла ў друк 12 жніўня 1932 года. Першы рэдактар – Я. Шылякоў. Спачатку газета выходзіла 9 разоў на месяц, а з кастрычніка 1932 г. – 12 разоў на месяц. З ліпеня 1941 па ліпень 1943 года газета не выдавалася. З 25 мая 1943 года выпуск газеты «Сталінец» быў адноўлены пры Лепельскім падпольным райкаме КП(б)Б. Бешанковіцкая раённая газета «Сталінец» выдавалася да 1956 года. У 1956-м-пачатку 1957 гадоў яна называлася «За Радзіму». З лютага 1957 года атрымала назву «Зара».

Адным з першых стаханаўцаў у раёне стаў трактарыст калгаса «Верны шлях» Андрэй Міхайлавіч Краско, ураджэнец вёскі Грыцькаўка. У 1937 г. за няпоўныя сем месяцаў ён выканаў гадавое заданне на 240%.

Стаханаўцы раёна:

Адамовіч Антон Якаўлевіч, Бадзяка Леон Паўлавіч, Берастень Еўдакія Аляксееўна, Галаўнёў Іван Барысавіч, Дзятлоўскі Арцём Філіпавіч, Каваленка Сазон Рыгоравіч, Кавалеўскі Фёдар Яфімавіч, Камоска Еўдакія Мікалаеўна, Краско Андрэй Міхайлавіч, Ліцяга Пётр Сямёнавіч, Нахаева Варвара Філіпаўна, Пестуноў Уладзімір Герасімавіч, Пясоцкі Ягор Сцяпанавіч, Смычкоў Іван Сямёнавіч, Умецкі Купрыян Сцяпанавіч, Хадунова Наталія Адамаўна, Хмыльнікаў Фёдар Аляксандравіч.

Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы раёна – электрастанцыя, торфаартэль, артэль «Чырвоны смалакур», цагельны завод, абутковая, панчошная, лесапільная артэлі, льнозавод ва Уле. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі – льна-малочная.

У 1930 г. пачалося будаўніцтва льнозавода, у 1933 г. ён уступіў у строй. Дырэктарам быў С.Ф. Лыскаў (загінуў у гады ВАВ, а завод у 1942 г. знішчаны). Льнозаводы былі таксама ў Храповішчына і Астроўна.

У 1936 г. створаны Бешанковіцкі лясгас. Ва Уле дзейнічала лесапільная артэль.

Створана прамысловая артэль «Полымя рэвалюцыі». Агульная колькасць калгасаў – 159. Свінагадоўчых ферм было 36 з пагалоўем 695, малочна-таварных – 22 з пагалоўем 1622, цялятнікаў 30 з пагалоўем 1541, конегадоўчых ферм 4 з пагалоўем 110. Парк сельгастэхнікі складаў: 77 сенакасілак, 22 бульбакапалкі, 81 конныя граблі, 5 снапавязалак, 117 сеялак, 2 трактары, 3 малатарні.

Пасяўная плошча раёна ў 1932 г. складала 58 668 га, у тым ліку збожжавых 60,5 %, бульбы 13 %, тэхнічных культур 12,5 %, палявых траў 8,6 %, астатніх – 5,4%.

Перад вайной насельніцтва раёна складала 68 508 чалавек.

Вялікая Айчынная вайна

⚔️ Пачатак вайны і абарона

Баявыя дзеянні разгарнуліся на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ў першыя дні ліпеня 1941 г. Захапіўшы 4 ліпеня г.Лепель, нямецкія войскі высунуліся на Улу і Бешанковічы, дзе займала абарону на рубяжы р.Заходняя Дзвіна 186-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра М.І.Бірукова. Яе суседам справа быў 508-ы стралковы полк 174-й дывізіі, злева – 153-я стралковая дывізія, якая займала абарону ад в.Гняздзілавічы на паўднёвы ўсход. 186-я стралковая дывізія ўваходзіла ў склад 62-га стралковага корпуса 22-й арміі, камандуючым якой быў генерал-лейтэнант Ф.А.Ершакоў. Наступаючыя нямецкія часткі стрымліваў адыходзячы з Лепеля курсанцкі полк Лепельскага мінамётнага вучылішча пад камандаваннем генерал-маёра Б.Р.Цярпілоўскага. Ёсць звесткі аб баявым сутыкненні курсантаў з праціўнікам у раёне в.Бачэйкава і в.Сакорава, якое адбылося 4 ліпеня. Курсанты пераправіліся на правы бераг р.Заходняя Дзвіна і занялі абарону ад Бешанковічаў да в.Гняздзілавічы. На ўчастку Парэчча – Бешанковічаў заняў абарону 290-ы стралковы полк 186-й стралковай дывізіі. У раён гарадскога пасёлка Ула быў накіраваны 298-ы полк пад камандаваннем вопытнага камандзіра палкоўніка П.А.Волкава. Ён заняў абарону па паўночным беразе ракі Заходняя Дзвіна на ўчастку Ула-Кардон і прадмоставае ўмацаванне ў самім пасёлку. 2-і батальён 238 стралковага палка з батарэяй ПТА, батарэяй 76 мм гармат, як ударная група дывізіі размясціўся ў раёне на поўдзень ад Мясаедава. Першы бой частак 186-й дывізіі з нямецкімі захопнікамі адбыўся на ўчастку абароны 3-га батальёна 298-га палка; у 16 гадзін 4 ліпеня на подступах да Улы з'явіліся перадавыя часткі праціўніка. Варожыя матацыклісты, танкі і бронемашыны накіроўваліся па шашы ў бок моста праз Заходнюю Дзвіну. Мотапяхотную калону ворага сустрэў арганізаваны артылерыйскі і ружэйна-кулямётны агонь. Упарты паядынак працягваўся да 3 гадзін раніцы 5 ліпеня. Калі ціск ворага ўзмацніўся, батальён адышоў на паўночны бераг Заходняй Дзвіны, узарваўшы за сабой адзін з пралётаў жалезнага моста праз раку.

На працягу 5 і 6 ліпеня праціўнік назапашваў пяхоту, мотамеханізаваныя злучэнні і пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню пры падтрымцы авіяцыі некалькі разоў прадпрымаў спробы фарсіраваць раку ў раёне Улы, Парэчча і Бешанковічаў, але сустрэўшы арганізаваны адпор падраздзяленняў 186-й стралковай дывізіі, адкатваўся назад. У гэтыя дні ў раён Улы гітлераўцы перакінулі падмацаванні – каля 50 танкаў і 60 аўтамашын з пяхотай. Абстаноўка ўскладнялася тым, што 446-ы гаўбічны артылерыйскі полк, а таксама два батальёны 328-га стралковага палка знаходзіліся ў дарозе. У 186 стралковай дывізіі не хапала зенітных гармат, што давала ворагу магчымасць сістэматычна бамбіць яе баявыя пазіцыі.

Раніцай 7 ліпеня варожыя часткі перайшлі ў наступленне на ўсім рубяжы абароны 186-й дывізіі. 298-ы стралковы полк тройчы адкідваў праціўніка на левы бераг ракі, але будучы акружаны, вымушаны адыходзіць на прамежкавы рубеж. У адной з контратак цяжка параніла камандзіра палка палкоўніка Волкова і смерцю героя паў начальнік штаба капітан ЗЕЛЯНЦОЎ. Раніцай 8 ліпеня часткі нямецкай 20-й танкавай дывізіі (камандзір – генерал-лейтэнант Х.Штумпф), рухаючыся ўздоўж шашы Ула – Мясаедава, павялі наступленне на пярэдні край абароны 238 стралковага палка, які падтрымліваў 1 і 2 дывізіён 446 гап. Камандзір батарэі мл.лейтэнант Ломаў сваёй батарэяй знішчыў 6 танкаў і 2 бронемашыны ворага. Падцягнуўшы рэзервы, праціўнік прарваў абарону 186-й стралковай дывізіі і рушыла на Віцебск. Цяжкая абстаноўка склалася і на рубяжы абароны 290-га стралковага палка. 2-і батальён гэтага палка, абараняючыся ў раёне Парэчча, падвергнуўся моцнай бамбардзіроўцы і артылерыйскаму абстрэлу і панёс вельмі вялікія страты. Пад прыкрыццём агню праціўнік фарсіраваў тут Заходнюю Дзвіну і авалодаў плацдармам. Полк перайшоў у контратаку, якой кіраваў асабіста камандзір палка падпалкоўнік П.С.Хаустовіч, але выбіць праціўніка з плацдарма не ўдалося. У гэтых баях полк страціў да 40% асабовага складу. Камандзір 1 дывізіёна 327 ап капітан Пашкін будучы цяжка паранены ў галаву, да канца бою заставаўся ў страі і манеўраваннем агню стрымліваў праціўніка. Гераічнай смерцю загінуў камандзір 1 пульроты мл. лейтэнант ЯГУПАЎ, які прыкрываў адыход палка.

Лепельскі контрудар

4 ліпеня Стаўка аддала загад Заходняму фронту стойка абараняць рубеж Заходняй Дзвіны – Дняпра. 6 ліпеня 1941 года войскі 20-ай арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.А. Курачкіна нанеслі сіламі 5-га і 7-га механізаваных карпусоў контрудар у напрамку Сянно – Лепель.

З 6 па 9 ліпеня 1941 года разгарэліся жорсткія баі на рубяжы р.Чарнагостніца Бешанковіцкага раёна, дзе 14 танкавая дывізія РСЧА 7-га механізаванага корпуса спрабавала прарваць лінію абароны нямецкай 7 танкавай дывізіі і наступаць у напрамку Лепеля.

На працягу ночы з 5.07.41 г. на 6.07.41 г. усе часткі 14 танкавай дывізіі скончылі засяроджванне і занялі зыходнае становішча для наступлення ў лясах і гаях на ўсход ад р.Чарнагостніца. Рана раніцай 6 ліпеня камандзір 27 танкавага палка маёр Раманоўскі групай танкаў, сумесна з пяхотай і артылерыяй правёў баявую разведку праціўніка, размешчанага па заходнім беразе ракі. Пасля няўдалай атакі танкі адышлі ў зыходнае становішча, пяхота засталася на ўсходнім беразе ракі. У гэтай разведцы загінуў Герой Савецкага Саюза капітан Г.Ф.Хараборкін. 7 ліпеня 14-ы мотастралковы полк павёў наступленне на пярэдні край праціўніка і захапіў супрацьлеглы бераг ракі, павольна прасоўваючыся на захад. У 6.30 раніцы 27 і 28 танкавыя палкі 14 танкавай дывізіі выйшлі з зыходных пазіцый у атаку, пераправіліся праз раку Чарнагостніцу, укараніліся ў размяшчэнне праціўніка на глыбіню на 3-5 км, але сустрэтыя з гаёў моцным супрацьтанкавым агнём і контратакаваныя з левага флангу танкамі вымушаны былі адысці на зыходныя пазіцыі.

Група танкаў на чале з камандзірам 27 танкавага палка маёрам Раманоўскім прарвалася праз супрацьтанкавую абарону праціўніка, пайшла ў глыбіню абароны. Сувязь з імі была страчана. На працягу ўсяго дня на артылерыйскія пазіцыі, НП артылерыі, на разгорнуты рэзерв камандзіра корпуса, які быў на ўсходнім беразе р.Чарнагостніца, і танкі 27 ТП, што прарваліся ў глыбіню абароны, на гаўбічны артполк дывізіі ў раёне Астроўна здзяйснялі налёты пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі праціўніка, якія паслядоўна, хвалямі бамбардзіравалі танкі і пяхоту, наносячы ім значныя страты. У баі 7 ліпеня было страчана звыш 50% танкаў дывізіі і больш за 200 чалавек забітымі і параненымі.

Такім чынам, спроба савецкага камандавання пераламаць сітуацыю на Заходнім фронце не ўвянчалася поспехам. 10 ліпеня 1941 года ўся тэрыторыя Бешанковіцкага раёна была акупавана нямецкімі войскамі.

Устанаўленне акупацыйнага рэжыму

З першых дзён акупацыі ў раёне пачалі праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на ліквідацыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне насельніцтва. Гэта былі не выпадковыя акты жорсткасці і беззаконня акупацыйных улад, а вынік планамернага ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі фашысцкай Германіі. Тым больш дазвалялі геаграфічныя асаблівасці раёна, які размяшчаўся на Заходняй Дзвіне, дзе мелася вялікая прыстань, два аэрадромы – у Бешанковічах і Уле. Менавіта яны на працягу ўсяго часу акупацыі з'яўляліся буйнымі авіябазамі праціўніка.

Для кантролю над тэрыторыяй акупацыйныя ўлады стварылі ў Бешанковічах і Уле ваенныя і гаспадарчыя камендатуры. Раённы цэнтр, г.п.Улу і вёскі Астроўна, Бачэйкава, Сакарова пераўтварылі ў воінскія гарнізоны. Былі створаны: раённая і валасныя ўправы, паліцэйскія пасты і ўчасткі амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна. Камандуючы тылам групы армій "Цэнтр" генерал пяхоты фон Шэнкендорф выдаў адміністрацыйнае распараджэнне №1 аб прызначэнні бургамістраў у Бешанковічах, Уле і валасцях, у руках якіх сканцэнтравалася ўся ўлада ў рэгіёне. Яны прымалі і звальнялі з працы, прыцягвалі да адказнасці вінаватых за здзейсненыя акты непадпарадкавання. Насельніцтву забаранялася пакідаць кватэры і дамы ў начны час, у перыяд з 21.00 да 5.00 гадзін.

За гады акупацыі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна былі цалкам або часткова спалены больш за 100 вёсак. Найбольш пацярпелі такія населеныя пункты, як Беркава, Багданава, Бортнікі, Бачэйкава, Ганкавічы, Дашкава, Дворнікі, Дуброва, Дзятлава, Зорнікі, Комлі, Казлоўшчына, Люлюкі, Нізгалава, Астравы, Равякі, Сакарова, Хаціна, Шыпулі і іншыя, дзе не засталося ніводнага дома. Не падняліся з попелу пасля вайны вёскі Свіціна, Якубаўшчына, Шлехценіцы, Каранева. Апошняя вёска была спалена разам з жыхарамі.

🕯️ Успаміны відавочцы

Мароз Віктар Мікалаевіч, 1935 г.н., пенсіянер, інвалід II групы па зроку:

Мае сваякі: маці, два браты, дзве сястры, дзве бабулі, два дзяды жыўцом спалены ў в.Каранева Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., разам з жыхарамі в.Каранева. Бацька загінуў у партызанскім атрадзе. Я цудам застаўся жывы. Гэта здарылася ў 1944 годзе ў сакавіку месяцы.

Калі фашысты акружылі вёску, я кінуўся бегчы ў кусты, за агародам, думаў, выратуюся. Аднак знайшлі мяне і кінулі ў дом. А там ужо былі Люся, Маша, Марыя Лаўрэнцьеўна, брацік Міша 3 гадкі, сястрычка Каця 5 гадоў, Галя 8 гадоў, Рэня 7 гадоў. Нас усіх закрылі ў доме, падпалілі і пачалі страляць з кулямёта, затым кінулі гранату ў дом. Я ад рэзкага болю ў спіне і назе ўпаў на падлогу, а на мяне падалі астатнія. Ой, як крычалі людзі, як заходзіліся ад крыку дзеці! І цяпер, заплюшчыўшы вочы, я чую той крык і плач. Ачуняў ад болю, на мне гарэла адзенне. Людзі ўсе ляжалі, чуліся яшчэ стогны. Я, увесь у крыві, выбраўся з-пад трупаў, перапоўз праз парог у снег. А вёска ўся была ў агні. Я страціў памяць. Ужо пазней даведаўся, што мяне выратаваў мой аднагодак, яму і мне было 8 гадоў, Аўгусцін Рыбчынскі. Ён пасадзіў мяне на санкі і павёз у бок в.Капусціна.

Каля Капусціна нас падабралі партызаны ім. Аляксеева. Я быў паранены ў пазваночнік, нагу і шыю. У атрадзе мне аказалі дапамогу, але раны не загойваліся. Я прабыў у партызанскім атрадзе 2 месяцы. Затым быў адпраўлены з партызанскага аэрадрома разам з параненым партызанам на самалёце праз фронт у тыл. Лячыўся ў шпіталі г.Ржэў. Адтуль накіравалі ў санітарным эшалоне ў г.Улан-Удэ. Я доўга лячыўся ў шпіталі. Чулая медсястра Рачова Таццяна Афанасьеўна з вялікай увагай паставілася да мяне і майго гора. Я прывязаўся да яе ўсёй душой. Таццяна Афанасьеўна ўсынавіла мяне. Зноў да мяне вярнулася жыццё, засвяціла сонца. Я пайшоў вучыцца ў школу, скончыў 6 класаў, затым паступіў у чыгуначнае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць і працаваў у лакаматыварамонтным заводзе да прызыву ў армію. Праслужыў у арміі нядоўга, быў камісаваны па стане здароўя з-за ранення. Вярнуўся зноў на завод і стаў працаваць, дапамагаць маці. Таццяне Афанасьеўне. Але ў 1957 годзе маёй другой мамы не стала, яна памерла ад раку. Я застаўся адзін. Мяне цягнула на радзіму, у родныя мясціны, дзе я нарадзіўся, дзе пахаваны мае родныя і блізкія. Цяпер я жыву ў сябе на Радзіме, у г.п.Ула.

Халакост у Бешанковіцкім раёне

Немцы адразу ўстанавілі асаблівы парадак для яўрэяў. Ім было загадана прыбіць на свае дамы і нашыць спераду і ззаду на адзенне жоўтыя шасціканцовыя зоркі, ім забаранялася свабодна перамяшчацца: выходзіць з дамоў у начны час і выходзіць за межы гарадской рысы. Пад пагрозай расстрэлу яўрэям забаранялася выязджаць у іншыя населеныя пункты. Жыхарам пасёлка было загадана не кантактаваць з яўрэямі, якіх прымусілі жыць па 5-6 сем'яў у доме. У асноўным гэтыя дамы знаходзіліся па Лепельскім бальшаку (цяпер вуліца Свабоды), па вуліцах Лепельскай і Чашніцкай – і гэтая частка вуліц была абгароджана. Выпадкі ўцёкаў з гета былі практычна выключаны. Уцякаць было няма куды, а мясцовых жыхароў жорстка каралі за дапамогу яўрэям. Кожны дзень яўрэяў збіралі ў парку, і немцы адбіралі людзей для працы. Немец, які снаражаў на працу, апранаў на палку рыльца ад бутэлькі і гэтай палкай біў па галовах і спінах.

11 лютага 1942 года ўсіх яўрэяў выгналі на вуліцу і калонай у больш чым 800 чалавек пагналі па вуліцы Свабоды праз Дзвіну на расстрэл. Ва ўцекачоў стралялі, на абочынах ляжалі акрываўленыя целы, стаяў страшны крык. Пасля вайны пад кіраўніцтвам Лазара Майсеевіча Міценгендлера быў арганізаваны збор сродкаў на ўстаноўку помніка ахвярам генацыду яўрэяў у Бешанковічах. Помнік і агароджа былі збудаваны і прывезены з Ленінграда ў 1958 годзе і ўстаноўлены на брацкай магіле, якая знаходзіцца на правым беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад Бешанковічаў.

Перад вайной насельніцтва вёскі Слабада было большай часткай яўрэйскім. Тут дзейнічаў яўрэйскі калгас. Гітлераўцы занялі яе ў пачатку ліпеня 1941 года. У жніўні 1941 года немцы і паліцаі арганізавалі паміж Слабадой і Бортнікамі гета, загнаўшы туды яўрэяў з бліжэйшых вёсак – Слабады, Бортнікаў і Сокарава. Усяго ў гета аказалася 350—365 вязняў. У кастрычніку 1942 года ў Слабаду прыехалі паліцаі, стараста і 12 членаў зондэркаманды з мястэчка Камень. Яны сабралі ўсіх яўрэяў у Слабадзе разам. Затым прымусілі яўрэяў-мужчын выкапаць у лесе траншэі і забілі іх. Пасля гэтага расстралялі там жа жанчын і дзяцей. У 2014 годзе ў вёсцы Слабада ўстаноўлены памятны знак ахвярам генацыду яўрэяў. Нямецкія войскі акупавалі Астроўна 9 ліпеня 1941 года, а 19 ліпеня арганізавалі гета. Яўрэям загадалі прышыць на верхняе адзенне жоўтую нашыўку і перасяліцца ў дзесяць дамоў на правым баку цэнтральнай вуліцы мястэчка. Раніцай 30 верасня 1941 года, напярэдадні свята Рош а-Шана, гета было акружана аўтаматчыкамі, усіх яўрэяў загналі ў машыны, вывезлі на ўскраіну Астроўна да могілак і расстралялі. Усяго ў Астроўна было расстраляна 350 яўрэяў. На месцы расстрэлу ў 1956 годзе быў устаноўлены абеліск.

Ула была занята нямецкімі войскамі ў ліпені 1941 года. 5 снежня 1941 года былі забітыя моцныя мужчыны-яўрэі. На думку гітлераўцаў яны маглі аказаць супраціўленне акупантам. Ульскае гета праіснавала да восені 1942 года, з яго вязняў у жывых засталіся адзінкі. У 1948 годзе Яўгенія Рыгораўна Розенблюм (Алуф) з сястрой прывезлі з яўрэйскіх могілак безыменны надмагільны камень на месца брацкай магілы, паставілі агароджу і маленькі абеліск. Рыгор Пудзель, чые бацькі і сястра былі забітыя ва Ульскім гета, у 1974 годзе прывёз з Ленінграда мармуровыя пліты для абеліска — адну з новым тэкстам і яшчэ адну для абрамлення каменя са старым надпісам. У 1979 годзе пахаванне было пераабсталявана і добраўпарадкавана мясцовымі ўладамі.

За выратаванне яўрэяў падчас вайны 7 ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна ўдастоены высокага звання «Праведнік народаў свету». Гэта: сям'я Куйко з в. Свеча: Фама Іванавіч, яго жонка Алена Васільеўна і дачка Алена Фамінічна; Мікалай і Ганна Перагуды з г.п.Бешанковічы; Юлія Кухта з в.Крывое Сяло і Яскевіч Ганна з в.Стрэлішча.

Партызанскі рух

Першыя партызанскія атрады ў раёне з'явіліся восенню 1941 года. Іх стваральнікамі сталі невялікія групы чырвонаармейцаў, якія не змаглі выйсці з акружэння, ваеннапалонныя, якім пашчасціла ўцячы з лагераў, патрыятычна настроеныя моладзь і дарослае насельніцтва. Атрад пад камандаваннем лейтэнанта Анатоля Калініна пачаў дзейнічаць у Хацінскім лесе. Ён налічваў 30 байцоў. 14 кастрычніка на партызан напалі карнікі. У баі з гітлераўцамі загінуў камандзір атрада і некалькі байцоў. Частка народных мсціўцаў адправілася за лінію фронту. У лесе засталося 7 партызан пад кіраўніцтвам Мікалая Васільевіча Траегабава. У красавіку 1942 года ў лес каля вёсак Усвіца, Двор і Мураўцы выйшла група камуністаў Ульскага с/с. Яе ўзначаліў былы сакратар Гарадоцкага райкама партыі І.Ф.Коранеўскі, які зімаваў ва Уле ў сваіх сваякоў. У заходняй частцы раёна ў красавіку 1942 года з груп ваеннаслужачых, якія засталіся ў тыле, сфарміраваўся атрад пад кіраўніцтвам Афанасія Якаўлевіча Конева. Ён хутка папаўняўся моладдзю з в.Сакорава, Жданава, Цуракоў і інш. Вясной і летам 1942 года сфарміраваліся атрады пад кіраўніцтвам Банкарэва Івана Сяргеевіча, Ільіна Аляксандра Сцяпанавіча, і інш. Тут, у лясным масіве – Чаноўская дача летам 1942 года створаны партызанскія атрады імя Чапаева (камандзір Банкарэў Іван Сяргеевіч) і «Сібірак» (камандзір Траегабаў Мікалай Васільевіч). Партызаны грамілі паліцэйскія ўчасткі, валасныя ўправы, нападалі на абозы, знішчалі харчовыя склады. Былі разгромлены валасныя ўправы ў вёсках Мішкавічы, Макряны, Астроўна, Палячкі, Сініцы. Здзейснены шэраг дыверсій на дарогах Віцебск – Бешанковічы, Бачэйкава – Ула, на чыгунцы Полацк – Віцебск. Партызанскія атрады хутка павялічвалі колькасць байцоў, наладжвалі сувязь паміж сабой. На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна з верасня 1942 па май 1944 года дзейнічаў падпольны райкам КП(б)Б, якім кіраваў Павел Мінаевіч Раманаў. У раёне выдавалася падпольная газета “Сталінец”. 8 кастрычніка 1942 года па ўказанні Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б на базе партызанскіх атрадаў “Сібірак”, імя Чапаева, А.С.Ільіна (пазней імя Г.І.Катоўскага) была створана брыгада “За Савецкую Беларусь”. Яе камандзірам быў абраны Павел Мінаевіч Раманаў, камісарам Дзмітрый Паўлавіч Падалец, начальнікам штаба – Дадзеркін Міхаіл Афанасьевіч.

У розны час на тэрыторыі раёна праводзілі баявыя аперацыі партызанскія брыгады: 1-я Віцебская (2-га складу), “За Савецкую Беларусь” П.М.Раманава, імя А.Ф.Данукалава (брыгада Аляксея), 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), імя Леніна, імя Чапаева, Лёзненская, Чашніцкая “Дубава”.

Вызваленне раёна

Вызваленне Бешанковіцкага раёна пачалося 24 чэрвеня 1944 г. у рамках маштабнай наступальнай аперацыі «Баграціён». У вызваленні прымалі ўдзел 39 армія 3-га Беларускага, 6 гвардзейская і 43 арміі 1-га Прыбалтыйскага франтоў. 25 чэрвеня 1944 года войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту фарсіравалі р. Заходняя Дзвіна і захапілі плацдармы на яе левым беразе каля в.Гняздзілава. Падышоўшыя часткі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту замкнулі кальцо акружэння вакол Віцебскай групоўкі ворага. У 1966 годзе на гэтым месцы была ўстаноўлена памятная стэла з мемарыяльнай дошкай, а ў 2023 годзе помнік быў рэканструяваны, устаноўлена баявая машына “Су-100”.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання пры падрыхтоўцы і правядзенні аперацыі «Баграціён» ставіла перад войскамі 1 Прыбалтыйскага фронту бліжэйшую задачу «…сіламі 6 гв. і 43 армій прарваць абарону праціўніка ў раёне на паўднёвы захад ад Гарадка … фарсіраваць р. Зах. Дзвіна і авалодаць раёнам Бешанковічы…». Задача па вызваленні нашага раённага цэнтра была паспяхова вырашана 71-й гвардзейскай стралковай дывізіяй (23 гв. стралковы корпус) ва ўзаемадзеянні з часткамі ўведзенай 46-й гвардзейскай стралковай дывізіі (2-і гв. стралковы корпус) і 306-й стралковай дывізіі ўжо да зыходу дня 25 чэрвеня. 26 чэрвеня была вызвалена ўся тэрыторыя раёна. У гэтых баях многія байцы і камандзіры Чырвонай Арміі праявілі цуды адвагі і гераізму і былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. У ўзнагародным лісце Аляксея Мікітавіча Кісліцына гаворыцца: «…рашучым наступам свайго батальёна перакуліў немцаў у ваду, цалкам авалодаў правабярэжным бокам ракі Заходняя Дзвіна…Умелае кіраўніцтва, рашучасць і асабістая адвага гв. маёра Кісліцына забяспечылі паспяховае фарсіраванне ракі і авалоданне заходнім берагам ракі г.п.Бешанковічы». Моцін Іван Мікітавіч «… 25 чэрвеня пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна асабіста на плашч-палатцы, пад агнём праціўніка фарсіраваў раку, затым усталяваў кулямёт у раёне царквы Бешанковічы, даў кругавы абстрэл подступаў да пераправы з боку праціўніка, тым самым стварыў магчымасць пераправіцца роце…».

На тэрыторыі раёна, ад п. Ула да в. Дарагакупава (Прыдзвінне) фарсіраванне Заходняй Дзвіны было наладжана больш, чым у 30 месцах.

Самы моцны супраціў праціўнік аказаў ля в.Узрэчча. Тут асноўная цяжар баёў выпала на плечы байцоў і камандзіраў 199-га гвардзейскага стралковага палка 67-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Полк, прарваўшы нямецкую абарону ў раёне населенага пункта Шуміліна, у 13.00 выйшаў на правы бераг Заходняй Дзвіны і захапіў плацдарм на левым беразе ракі. На працягу ночы з 24 на 25 чэрвеня 1944 года гвардзейцы стойка адбівалі контратакі пераўзыходзячых сіл праціўніка, якія імкнуліся скінуць нашых байцоў з плацдарма. Байцы і камандзіры 199-га гвардзейскага стралковага палка праявілі стойкасць і масавы гераізм, адцягнуўшы на сябе асноўныя сілы ворага і даўшы іншым часткам дывізіі паспяхова фарсіраваць Заходнюю Дзвіну. У цяперашні час каля вёскі Узрэчча на высокім беразе Заходняй Дзвіны знаходзіцца ўнікальны мемарыяльны комплекс, дзе спачываюць больш за 200 воінаў Савецкай арміі. У брацкай магіле пахаваны восем Герояў Савецкага Саюза.

Гв. ст. сяржант Антонаў «Пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна 25.06.44 года і авалоданні населеным пунктам (райцэнтрам) Бешанковічы праявіў мужнасць і адвагу. Ён першым фарсіраваў раку ўплаў разам з тэлефонным кабелем і тэлефонам і на процілеглым беразе – неадкладна ўстанавіў сувязь з КП батальёна, чым спрыяў камандаванню кіраваць боем з процілеглага берага ракі. Падчас бою за авалоданне населеным пунктам Бешанковічы тэлефонная сувязь ад артагню праціўніка ўвесь час парывалася. Тав. Антонаў, пагарджаючы смерцю і баязлівасцю, самааддана пад агнём праціўніка аднавіў звыш 10 парыванняў, чым спрыяў кіраўніцтву боем камандаванню палка. Населены пункт быў узяты». За гераізм, праяўлены пры фарсіраванні р.Заходняя Дзвіна і вызваленне Бешанковіцкага раёна больш за 150 воінам Чырвонай Арміі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Дваццаць чатыры Героя-вызваліцеля і больш за тры тысячы воінаў знайшлі свой апошні прытулак у брацкіх магілах на тэрыторыі раёна. 5 удзельнікаў вызвалення атрымалі званне ганаровага грамадзяніна г.п.Бешанковічы (М.І.Макарычаў, А.М.Пузікаў, А.І.Волкаў, В.А.Волгін, Перавошчыкаў Л.А.). Больш за 12 тысяч жыхароў Бешанковіцкага раёна змагаліся з ворагам на фронце, у партызанах, у падполлі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пяцёра ўраджэнцаў Бешанковіцкага раёна былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза: Абазоўскі Канстанцін Антонавіч, Высогарэц Міхаіл Амосавіч, Даватар Леў Міхайлавіч, Строчка Іван Іванавіч, Ткачэнка Міхаіл Мікалаевіч. У Бешанковічах шануюць памяць Героя Савецкага Саюза Раманава Паўла Мінаевіча, 1 сакратара падпольнага райкама партыі і камандзіра партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь».

Пасляваенны перыяд (1945 – 1991 гг.)

9 верасня 1946 г. быў зноў утвораны Ульскі раён, якому са складу Бешанковіцкага раёна было перададзена 4 сельсаветы і гарадскі пасёлак Ула. Па дадзеных на 1 студзеня 1947 года раён меў плошчу 900 кв. км. У яго склад уваходзілі гарадскі пасёлак Ула і 11 сельскіх саветаў: Баранькаўскі, Глыбачанскі, Зарочанскі, Клятчанскі, Мішкавіцкі, Сакароўскі, Сушанскі, Ульскі, Усайскі, Усвейскі, Хоцінскі.

У 1947 г. у Бешанковіцкім раёне было 15 сельсаветаў і 334 населеныя пункты.

17 снежня 1956 г. Ульскі раён быў канчаткова скасаваны. Яго тэрыторыя падзелена паміж Бешанковіцкім, Лепельскім, Ушацкім, Сіроцінскім (цяпер Шумілінскі) раёнамі. Два сельсаветы і пасёлак Ула былі перададзены Бешанковіцкаму раёну. З 2004 года Ула – сельскі населены пункт, з 2009 – аграгарадок, адміністрацыйны цэнтр Ульскага сельсавета.

25 снежня 1962 г. быў скасаваны Чашніцкі раён, і ў склад Бешанковіцкага раёна былі ўключаны 9 сельсаветаў; у той жа дзень Астравенскі і Пліскі сельсаветы былі перададзены Віцебскаму раёну.

У 1963 г. у гарадскім пасёлку Бешанковічы пачала дзейнічаць адзіная ў БССР шорная фабрыка. Займалася пашывам конскай збруі: хамутоў, сёдлаў, лейцаў, чарасядзельнікаў і інш. У 2010-х гадах, пасля зніжэння попыту на вырабляемую прадукцыю фабрыка спыніла існаванне.

6 студзеня 1965 г. Чашніцкі раён адноўлены. 12 лютага 1965 г. да Бешанковіцкага раёна былі далучаны Астравенскі і Пліскі сельсаветы. 30 ліпеня Мікалаеўскі сельсавет быў перададзены Шумілінскаму раёну.

6 лістапада 1966 г. у гарадскім пасёлку Бешанковічы ўрачыста адкрыты Курган Славы. Збудаваны ў гонар савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ў баях супраць гітлераўскіх захопнікаў і землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Каля помніка воінскай славы тройчы закладзена капсула з пасланнем нашчадкам (1966, 1994, 2019). Апошняя будзе выкрыта ў 2044 г. – у год 100-годдзя вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачаліся работы па аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі. На той час у раёне налічвалася 194 калгасы і саўгасы.

Рыхтуючыся да сустрэчы 100-гадовага юбілею з дня нараджэння У.І.Леніна, работнікі сельскай гаспадаркі датэрмінова выканалі пяцігадовы план на 1966 – 1970 гг. Павысілася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур, прадуктыўнасць жывёлагадоўлі. Прамысловыя прадпрыемствы раёна таксама датэрмінова выканалі пяцігадовы план па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.

Яшчэ ў 1930 г. пачалося будаўніцтва льнозавода. У 1933 г. ён быў уведзены ў эксплуатацыю. У гады вайны ён быў разбураны. Пасля вайны было прынята рашэнне пабудаваць новы льнозавод. Ужо ў 1948 г. зноў пабудаванае прадпрыемства працавала на поўную магутнасць. У адрозненне ад даваеннага, гэта прадпрыемства было больш сучасным і магутным.

Бешанковіцкая фабрыка шорных вырабаў была адзіным у рэспубліцы прадпрыемствам, якое забяспечвала народную гаспадарку хамутамі, сёдламі, падсядзельнікамі і г.д.

Ульскі кансервава-агароднінасушыльны завод быў заснаваны ў 1957 г. Сярод вырабляемай ім прадукцыі былі марынаваныя таматы, агуркі, яблыкі, павідла, джэм, яблычны сок, безалкагольныя напоі, штучны мёд.

З 1936 г. існуе Бешанковіцкі лясгас (першапачаткова ён называўся Сіроцінскім). У лясгасе было 6 лясніцтваў. Штогод лясгас нарыхтоўваў значную колькасць насення драўняных і хмызняковых парод, якія выкарыстоўваліся для пасеваў у гадавальніках і на экспарт. Для работнікаў калектыву лясгаса былі пабудаваны жылы пасёлак агульнай плошчай 2 тысячы квадратных метраў, інтэрнат, сталовая, клуб, магазін і іншыя аб'екты.

Паляпшэннем зямель калгасаў і саўгасаў раёна займалася Бачэйкаўская ПМК.

Будаўнічыя работы ў раёне ў асноўным выконваліся міжкалгаснай перасоўнай механізаванай калонай (МПМК). Так, у сельскай мясцовасці яна пабудавала сотні кватэр, школы, дзіцячыя сады, збожжасховішчы, жывёлагадоўчыя комплексы.

За паспяховае выкананне ўсімі прадпрыемствамі і арганізацыямі народнагаспадарчага плана, а таксама абавязацельстваў па жыллёвым, культурна-бытавым будаўніцтве і добраўпарадкаванні і за перамогу ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і продаж дзяржаве лёну ў 1976 г. Бешанковіцкі раён быў узнагароджаны пераходнымі Чырвонымі Сцягамі ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрафа і ЦК ЛКСМБ. Праз год ён зноў стаў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за паспяховае выкананне плана па выпуску прамысловай прадукцыі.

У верасні 1970 г. у цэнтры Бешанковічаў з мэтай увекавечання памяці камсамольцаў і моладзі гарадскога пасёлка, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў адзначэнне 50-годдзя ЛКСМБ быў устаноўлены помнік – стэла. Раней на гэтым месцы знаходзіліся: памятны знак Аляксандру I і два помнікі У.І. Леніну.

У красавіку 1975 г., у гонар 30-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, кіраўніцтва Бешанковіцкага раёна хадайнічала аб перайменаванні гарадскога пасёлка Бешанковічы ў Даватарск. Кіраўніцтвам БССР у перайменаванні было адмоўлена.

У 1976 – 1980 гг. рабочыя Бешанковіцкага раёна зрабілі яшчэ адзін крок у развіцці эканомікі і культуры вытворчасці. Прамысловыя прадпрыемствы датэрмінова выканалі пяцігадовае заданне. Добрых вытворчых паказчыкаў дасягнулі калектывы доследнага лясгаса, фабрыкі мастацкіх вырабаў і фабрыкі шорных вырабаў.

За самаадданую працу ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў пасляваенны час былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна многія работнікі сельскай гаспадаркі.

Пастаянна рос рознічны тавараабарот і аб'ём рэалізацыі паслуг насельніцтву. З'явіліся новыя гандлёвыя цэхі, кандытарскі цэх, кафэ «Марозка», хлебакамбінат у Бешанковічах, кафэ «Бярозка» і г.д.

За 1986 – 1989 гг. уступілі ў строй сярэдняя і дзве пачатковыя школы, клуб, 6 дзіцячых садоў.

З медыцынскіх устаноў дзейнічала цэнтральная раённая бальніца ў Бешанковічах.

Для насельніцтва Бешанковіцкага раёна дзейнічала 28 клубных устаноў, у тым ліку раённы Дом культур, Ульскі гарадскі, 5 цэнтральных сельскіх дамоў культуры, 7 сельскіх дамоў культуры і 14 сельскіх клубаў, дзіцячая школа мастацтваў, раённы гісторыка-краязнаўчы музей з філіялам ва Уле (прысвечаным Герою Савецкага Саюза Л.М.Даватару), Ульская і Астровенская музычныя школы, 2 калгасныя музычныя школы (у вёсках Вярхоўе і Бачэйкава), цэнтральная раённая бібліятэка з 31 філіялам, Ульская пасялковая бібліятэка.

На добрым узроўні была і мастацкая самадзейнасць. Ганаровае званне «народны» было прысвоена хору інтэлігенцыі, Ульскаму хору, аркестру народных інструментаў, духавому аркестру. Званне «ўзорны» прысвоена дзіцячаму харэаграфічнаму калектыву «Вясёлка» раённага дома культуры.

Жыхары раёна ганарацца сваімі знакамітымі землякамі, якіх бешанковіцкая зямля дала нямала: партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, перадавікі і наватары вытворчасці, пісьменнікі, паэты, мастакі, работнікі навукі, культуры і г.д. Вядомым партыйным і савецкім дзеячам БССР быў ураджэнец в. Саннікі, член КПСС з 1926 г. Т.С. Гарбуноў. Вучонымі-гісторыкамі сталі М. В. Уласенка з в. Старыя Ранчыцы і А.Т. Караткевіч з в.Стрыжава. Доктарам медыцынскіх навук стаў І.М.Сіпараў з в.Задарожжа, В.М. Захараў з в.Сакорава, М. Г. Данілевіч з Улы, загадчык кафедры Гродзенскага медінстытута С.І.Юпатаў з Бешанковіч, загадчык кафедры хірургіі Віцебскага медінстытута В.М.Шыленак з в.Астроўна. Кандыдатамі хімічных навук сталі былыя выпускнікі школ г.п.Бешанковічы М.М.Кісель, В.А.Мароз, В.Г.Сакалоў, А.В.Сямешка, Э.Т.Ціханава, кандыдатамі фізіка-матэматычных навук – выпускнік Сініцкай СШ В.М.Волкаў і інш.

Багатая была бешанковіцкая зямля і на творчыя таленты. Імя беларускага мастака, майстра партрэта і нацюрморта, акадэміка жывапісу І.Ф.Хруцкага з Улы добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Тое ж самае можна сказаць і пра беларускага і рускага графіка, майстра ілюстрацыі С.Б.Юдовіна з Бешанковіч. Членамі Саюза мастакоў СССР былі І.Т.Бабаедаў з в.Бабаедава, А.А.Ткачонак з в.Селішча, І.В.Казак з Бешанковіч; сярод членаў Саюза пісьменнікаў СССР – А.А.Гейне з Бешанковіч, Б.П.Бележэнка з в.Промыслы, С.І.Законнікаў з в.Слабада, Г.І.Казак з Бешанковіч, А.З.Гутковіч з в.Аскеры.

Шмат было творчых калектываў. Адным з іх быў Ульскі народны хор. Створаны ў 1965 г., з 1976 г. меў званне народнага. Арганізатарам і кіраўніком хору быў заслужаны дзеяч культуры БССР Віктар Ціханавіч Гарбатоўскі. Вялікую арганізацыйную работу па стварэнні хору правёў Фёдар Міронавіч Волкаў. З 1986 г. калектыў узначаліў Віктар Петухоў, дыпламант Усесаюзнага конкурсу самадзейных кампазітараў. Ульскі народны хор стаў дыпламантам 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці рабочых (1975 – 1977).

Яшчэ адным вядомым творчым калектывам быў узорны дзіцячы харэаграфічны калектыў «Вясёлка». Створаны ў 1980 г., званне народнага атрымаў у 1984 г. Працаваў пры Бешанковіцкім раённым Доме культуры. Кіравала калектывам Л.І.Ветчыніна. Музычным кіраўніком быў С.С.Ядрэўскі. Удзельнікамі калектыву былі дзеці і падлеткі ад 5 да 17 гадоў. «Вясёлка» – лаўрэат 1-га і 2-га Усесаюзных фестываляў народнай творчасці, дыпламант двух рэспубліканскіх конкурсаў на стварэнне лепшага твора для калектываў мастацкай самадзейнасці.

Бешанковіцкі народны аркестр народных інструментаў раённага Дома культуры быў створаны ў 1986 г. З 1986 г. меў званне народнага. Кіраваў ім дырэктар Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў К.С.Корабаў.

Бешанковіцкі народны духавы аркестр раённага дома культуры быў створаны ў 1964 г. З 1989 г. меў званне народнага. За актыўны ўдзел у 2-м Усесаюзным фестывалі самадзейнай народнай творчасці калектыў быў узнагароджаны Дыпломам ваенна-аркестравай службы Міністэрства абароны СССР.

Бешанковіцкі народны хор інтэлігенцыі раённага Дома культуры быў створаны ў 1968 г. З 1987 г. меў званне народнага. Ініцыятарам і арганізатарам яго была Л.П.Казлова. Хор – лаўрэат 1-га і 2-га Усесаюзных фестываляў народнай творчасці, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Спеўнае поле».

У пачатку 1980-х гг. Бешанковічы сталі месцам здымак некаторых эпізодаў з фільмаў «Людзі на балоце» і яго працягу «Подых навальніцы». Напрыклад, у Бешанковічах быў зняты фрагмент з пераправай на пароме праз раку. У масавай сцэне ў здымках прынялі ўдзел і некаторыя жыхары гарпасёлка.

Каля 20 ураджэнцаў раёна мелі званне «Майстар спорту СССР».

Г.А.Мішурны быў членам зборнай краіны па лёгкай атлетыцы, чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў, неаднаразовым чэмпіёнам і рэкардсменам БССР і СССР, пераможцам міжнародных спаборніцтваў. Валейбаліст В.М.Вярцелка выступаў за каманду майстроў СКА (Мінск). Ён удзельнічаў у чэмпіянаце дружалюбных армій у 1987 г. Чэмпіёнам СССР па валейболе быў А.Л.Афончанка.

У раёне праводзілася вялікая работа па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Гісторыка-краязнаўчы музей вёў навукова-даследчую і прапагандысцкую работу па захаванні помнікаў гісторыі і культуры, ушанаванні памяці землякоў, а таксама тых, з кім непарыўна звязана гісторыя роднага краю, аказваў метадычную дапамогу чырвоным следапытам у пошукавай рабоце, стварэнні школьных музеяў.

Камсамольцы 1980-х гг. сталі годнымі прадаўжальнікамі славы старэйшага пакалення. Далёка за межамі раёна было вядома імя механізатара, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, кавалера знака ЦК УЛКСМ «Залаты колас» Яўгеніі Фіешка (Берасцень).

У гонар вядомых землякоў былі названы вуліцы, калгасы, установы, піянерскія дружыны, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Трагічнай старонкай у гісторыі не толькі СССР, але для Бешанковіцкага раёна стала вайна ў Афганістане. Сярод загінуўшых у гэтым канфлікце воінаў Савецкай Арміі былі і нашы землякі.

Адзін з іх – Сухвал Аляксандр Міхайлавіч. Нарадзіўся 12.06.1962 г. у в.Луг. Служыў у Афганістане ў званні малодшага сяржанта. Загінуў 07.01.1983 г. Пахаваны ў сябе на радзіме.

Сярод пахаваных на тэрыторыі раёна ахвяр вайны ў Афганістане быў і Каралёў Аляксандр Міхайлавіч, ураджэнец г.Чалябінск. Нарадзіўся 11.12.1950 г. Служыў у Афганістане ў званні капітана. Загінуў 10.07.1982 г. Пахаваны ў в.Чановічы.

Бешанковіцкі раён у нашы дні

Бешанковіцкі раён размяшчаецца ў цэнтры Віцебскай вобласці. Мяжуе з Віцебскім, Шумілінскім, Ушацкім, Лепельскім, Чашніцкім і Сенненскім раёнамі. Плошча раёна – 1250 кв.км.

Бешанковічы – гарадскі пасёлак, цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, размешчаны на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно.

Заходняя Дзвіна – найбуйнейшая рака, якая працякае па тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. У Бешанковічах яна робіць круты паварот з паўночнага ўсходу на паўночны захад. Менавіта тут знаходзіцца самы паўднёвы пункт рэчышча ракі. Заходняя Дзвіна працякае па тэрыторыі трох дзяржаў: Расіі, Беларусі і Латвіі. Рака адыгрывала важную ролю для народаў, якія жылі на мяжы Заходняй і Усходняй Еўропы. У X – XII стагоддзях яна была часткай знакамітага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі».

Заходняя Дзвіна ў Бешанковічах дасягае шырыні 150 метраў. Для пераправы праз яе звычайна арганізоўвалася лодачная або паромная пераправа. Калі ў пачатку XIX стагоддзя пачаў дзейнічаць паштовы тракт з губернскага Віцебска ў павятовы Лепель, то ён да м. Бешанковічы праходзіў па правым беразе Дзвіны, дзе паштовыя экіпажы перапраўляліся на левы бераг. У мястэчку Бешанковічы дзейнічаў паром «самалёт» грузападымальнасцю 300 пудоў (4800 кг). Ён перасоўваўся па рацэ з дапамогай канатаў і двух якараў, выкарыстоўваючы моцнае цячэнне Заходняй Дзвіны. З 2009 года, з мая па лістапад у г.п.Бешанковічы дзейнічае пантонны мост, які злучае два берагі і скарачае шлях паміж Бешанковіцкім і Шумілінскім раёнамі. Спецыялісты транспартных войскаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь кожны год наводзяць пантонную пераправу, здольную вытрымаць аўтатранспарт вагой каля 20 тон.

Падвесны мост злучае берагі ракі Крывінка каля вёскі Хмельнік. Ён мае даўжыню 20 метраў і на некалькі кіламетраў скарачае шлях жыхарам вёскі Хмельнік. У дадзеным месцы па берагах ракі расце мноства хмелю, таму ад мясцовых жыхароў часта можна пачуць і іншую назву Крывінкі – Хмельнічанка.

Самае глыбокае возера ў Бешанковіцкім раёне - Сора (Саро). Плошча яго воднага люстэрка складае 600 гектараў, а максімальная глыбіня – 36,3 метраў. Возера выцягнута вузкай змейкай (0,4 – 0,9 кіламетра) з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 9,5 кіламетраў. Сора займае 8-е месца сярод самых глыбокіх азёр Беларусі. Сярод мясцовых жыхароў бытуе легенда, згодна з якой у возеры водзяцца невядомыя істоты вялікіх памераў, здольныя сцягнуць на дно нават буйную жывёлу.

Возера Астроўна і аграгарадок на яго беразе атрымалі сваю назву ад 5 астравоў, размешчаных на возеры, прычым адзін з іх – насыпаны. Паводле іншай версіі – азёры Астроўна, Доўгае, Замялочанскае і Полхаўка злучаюцца пратокамі і ўтвараюць унутры вялікі востраў – гістарычны цэнтр вёскі Астроўна.

Вышэйшая кропка Бешанковіцкага раёна - 199,3 метра над узроўнем мора – знаходзіцца каля в.Абухава Астровенскага сельсавета. Большая частка тэрыторыі раёна размяшчаецца на вышыні 140 – 150 метраў над узроўнем мора.

У адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане раён мае 7 сельскіх саветаў, 239 населеных пунктаў.

Колькасць насельніцтва па Бешанковіцкім раёне на 1 студзеня 2024 г. складае - 13 385 чалавек. Гарадское насельніцтва складае - 6 904 чалавекі, сельскае - 6 481 чалавек.

Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – 3 чалавекі, вязняў – 11 чалавек, блакаднікаў – 1 чалавек.

Буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам з'яўляецца СТАА «Вітконпрадукт». На тэрыторыі раёна маюцца цэх інкубацыі вытворчай магутнасцю да 8,5 млн. куранят у год; цэх па вырошчванні маладой птушкі і бацькоўскага статка; цэх па вырошчванні бройлераў.

Навукова-вытворчае прадпрыемства «Белкатламаш» ТАА створана ў 1989 г. і з'яўляецца адным з вядучых вытворцаў кацельнага абсталявання ў Рэспубліцы Беларусь. Прадпрыемства спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці воданагравальных і паравых катлоў, якія працуюць на розных відах паліва. Катлы прызначаны для ацяплення і гарачага водазабеспячэння аб'ектаў жыллёва-камунальнага і вытворчага прызначэння, а таксама сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іншых аб'ектаў народна-гаспадарчага комплексу.

Сацыяльная сфера (на 1 студзеня 2024 г.):
  • 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі
  • 7 устаноў дашкольнай адукацыі
  • Вучэбна-метадычны кабінет
  • Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі
  • Сацыяльна-педагагічны цэнтр
  • Цэнтр дзяцей і моладзі
  • Дзіцячы аздараўленчы лагер «Лідэр»
  • 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу

Спартыўнай падрыхтоўкай навучэнцаў займаецца спецыялізаваная вучэбна-спартыўная ўстанова «Бешанковіцкая дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа», арганізацыяй і правядзеннем фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам – фізкультурна-спартыўны клуб «Дзвіна».

Ахова здароўя:

  • УАЗ «Бешанковіцкая цэнтральная раённая бальніца»
  • 3 амбулаторыі ўрача агульнай практыкі
  • Бальніца сястрынскага догляду
  • 7 фельчарска-акушэрскіх пунктаў

Арганізацыяй вольнага часу насельніцтва раёна займаюцца 26 устаноў культуры, у тым ліку Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры, 5 сельскіх Дамоў культуры, 3 сельскія клубы, Дом рамёстваў, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, Бешанковіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, 11 бібліятэк. Пры цэнтральнай раённай і пяці сельскіх бібліятэках працуюць Цэнтры прававой інфармацыі.

У гісторыка-краязнаўчым музеі ўстаноўлена аўтаматызаваная ўлікова-фондавая сістэ АМС-5.

Самадзейнай творчасцю займаюцца 65 клубных фарміраванняў. 9 калектываў маюць ганаровае званне «народны», 3 – званне «ўзорны».

У гарадскім пасёлку Бешанковічы захаваліся старыя яўрэйскія могілкі, адны з найбуйнейшых у Віцебскай вобласці. На тэрыторыі могілак, плошчай больш за 4 гектары, выяўлена і вывучана больш за 1300 надмагільных помнікаў. Многія з іх утрымліваюць надпісы на іўрыце, з якіх можна даведацца імя памерлага, імя яго бацькі, дату смерці і іншыя звесткі. Самае старое з выяўленых пахаванняў датуецца 1772 годам. Апошняе пахаванне было ажыццёўлена ў 1968 годзе. Могілкі знаходзяцца на ўсходняй ускраіне Бешанковіч і захоўваюць памяць пра тое, што ў пачатку XX стагоддзя мястэчка Бешанковічы было тыповым для Беларусі яўрэйскім мястэчкам з сінагогамі і яўрэйскімі рэлігійнымі школамі.

У 2014 годзе ў Парку камсамольцаў устаноўлены памятны знак у гонар 380-й гадавіны набыцця Бешанковічамі магдэбургскага права, а ў 2017 узведзена алея з якароў як даніна памяці землякам, «плыты вадзіўшым у Рыгу і ахоўваўшым горад ад ворагаў». Такія радкі выбіты на мемарыяльнай дошцы памятнага знака.

У цэнтральнай частцы гарадскога пасёлка Бешанковічы, у парку камсамольцаў і моладзі, у 2015 г. створаны музей ваеннай тэхнікі. У экспазіцыі – танк «Т-80», САУ «СУ-100», некалькі ўзораў артылерыйскіх гармат, супрацьтанкавы ракетны комплекс і іншыя віды баявой тэхнікі. Экспанаты перададзены Міністэрствам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Большасць сышла з канвеера ў другой палове XX стагоддзя. Але ёсць тут і сапраўдныя рарытэты – тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У гарадскім пасёлку Бешанковічы з 2016 г. дзейнічае ўнікальны музей «1812 год у артэфактах» - прыватны збор Аляксандра Мачульскага. У музеі прадстаўлена вялікая колькасць сапраўдных прадметаў Айчыннай вайны 1812 года: ківерныя бляхі, нумарныя палкавыя гузікі, знакі з патронных сумак, дэталі халоднай і агнястрэльнай зброі, элементы кавалерыйскай амуніцыі французскіх і рускіх салдат і многае іншае.

Інсітнае (наіўнае) мастацтва – адзін з кірункаў непрафесійнага мастацтва. Яно ўключае выяўленчую творчасць мастакоў-самавукаў: жывапіс, графіку, разьбу па дрэве, скульптуру, архітэктуру, арт-аб'екты, інсталяцыю. У Бешанковіцкім раёне прадстаўлена роспісам па шкле. Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебскай вобласці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Носьбітам інсітнага мастацтва з'яўляюцца Алеся Іванаўна Аўчыннікава і Галіна Мікалаеўна Ханяк.

У 2022 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё сацыяльнай сферы і сістэмы адукацыі Бешанковіцкага раёна званне «Ганаровы грамадзянін Бешанковіцкага раёна» ўдастоены Еўневіч Аляксандр Анатольевіч; за значны асабісты ўклад у развіццё прамысловасці Бешанковіцкага раёна - Краўчанка Віктар Аляксеевіч; за значны асабісты ўклад у развіццё сацыяльнай сферы і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Бешанковіцкім раёне - Пашкевіч Аляксандр Антонавіч. У 2024 годзе за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Бешанковіцкага раёна званне «Ганаровы грамадзянін Бешанковіцкага раёна» прысвоена Галенка Галіне Аляксандраўне, Лабкову Мікалаю Афанасьевічу, Сухвалу Аляксандру Пятровічу.

Троіцкі фестываль у Астроўна – адна з візітных картак Бешанковіцкага раёна. Свята духоўнай культуры і народнай творчасці «Троіцкі фестываль» штогод праходзіць у Дзень Святой Тройцы і збірае мноства гасцей з розных куткоў Беларусі. Пачынаецца свята з Боскай літургіі ў мясцовым храме Святой Жываначальнай Тройцы. Недалёка ад яго праходзіць «Кірмаш рамёстваў», дзе можна набыць работы, выкананыя майстрамі з усёй вобласці. Праз майстар-класы жадаючыя могуць спазнаць сакрэты рукадзелля, якія былі характэрны для дадзенага краю. Кожнага госця тут частуюць троіцкай юшкай, яечняй, прыгатаванымі на вогнішчы (яны сімвалізуюць шчодрасць мясцовых азёр і сагравальнае сонца), а таксама пірагамі, квасам і іншымі разнасоламі.

Жнівеньскія спасы – свята, прысвечанае жнівеньскім мядоваму, арэхаваму і яблычнаму Спасам, штогод збірае прыхільнікаў духоўнай творчасці і культуры ў аграгарадку Бачэйкава. Па традыцыі адкрывае фестываль святочная служба ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Увазе ўдзельнікаў і гасцей прадстаўлены выставы духоўнай літаратуры і дзіцячых малюнкаў, экспазіцыя вышытых ікон і карцін мясцовых майстроў. Найбольш смелыя могуць удзельнічаць у конкурсе чытальнікаў па дэкламацыі вершаў і прозы духоўнага зместу “Божыя іскрынкі”. Стравы беларускай нацыянальнай кухні, прадукцыя пчалярства, садавіна і ягады – усё гэта можна ўбачыць сярод святочных забаў у Бачэйкаве.

Выдаецца раённая газета «Зара».

Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. Аграпрамысловы комплекс раёна прадстаўляюць 4 сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 3 цэхі ТАА «Вітканпрадукт», 2 таварыствы з абмежаванай адказнасцю, 1 філіял «Баброва-Агра» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», 30 сялянска-фермерскіх гаспадарак, якія спецыялізуюцца на вытворчасці мяса, малака і збожжавых.

Камунальнае абслугоўванне раёна ажыццяўляецца сіламі УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік».