Халакост у Бешанковіцкім раёне

Халакост у Бешанковіцкім раёне — састаўная частка Халакосту ў Беларусі і Катастрофы еўрапейскага яўрэйства.

Гэта сістэматычны пераслед і знішчэнне яўрэяў на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна акупацыйнымі ўладамі нацысцкай Германіі і калабарацыяністамі ў 1941—1944 гадах падчас Другой сусветнай вайны, у рамках палітыкі «Канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання».

У ліпені 1941 года Бешанковіцкі раён быў цалкам захоплены нямецкімі войскамі, і акупацыя працягвалася да канца чэрвеня 1944 года.

Для ажыццяўлення палітыкі генацыду і правядзення карных аперацый адразу ўслед за войскамі ў раён прыбылі карныя падраздзяленні войскаў СС, айнзацгрупы, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя (ГФП), паліцыя бяспекі і СД, жандармерыя і гестапа. Ужо з першых дзён акупацыі раёна немцы пачалі аддзяляць яўрэяў ад астатніх жыхароў і забіваць іх. Падобныя «акцыі» (такім эўфемізмам гітлераўцы называлі арганізаваныя імі масавыя забойствы) паўтараліся мноства разоў у многіх месцах. У тых населеных пунктах, дзе яўрэяў забілі не адразу, іх утрымлівалі ва ўмовах гета аж да поўнага знішчэння.

Акупацыйныя ўлады пад страхам смерці забаранілі яўрэям здымаць жоўтыя латы або шасціканцовыя зоркі (апазнавальныя знакі на верхнім адзенні), выходзіць з гета без спецыяльнага дазволу, мяняць месца пражывання і кватэру ўнутры гета, хадзіць па тратуарах, карыстацца грамадскім транспартам, знаходзіцца на тэрыторыі паркаў і грамадскіх месцаў, наведваць школы.

Ва ўсіх буйных вёсках раёна былі створаны раённыя ўправы і паліцэйскія гарнізоны з калабарацыяністаў. Яшчэ да восені 1941 года ва ўсіх населеных пунктах раёна былі прызначаны старасты.

За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Бешанковіцкага раёна былі забітыя, а нешматлікія выратаваныя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.

Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна 4 гета.

У гета ў Бешанковічах (лета 1941 — люты 1943) былі забітыя каля 2900 яўрэяў.

У гета ў Слабадзе (пачатак жніўня 1941 — кастрычнік 1942) былі закатаваныя і забітыя каля 400 яўрэяў.

У гета ў Астроўна (19 ліпеня 1941 — 30 верасня 1941) былі забітыя больш за 300 яўрэяў.

У гета ва Уле (снежань 1941 — восень 1942) былі забітыя сотні яўрэяў.

У Бешанковіцкім раёне 2 чалавекі — Перагуд Мікалай Іларыёнавіч і яго жонка Ганна — былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага Мемарыяльнага музея Катастрофы і гераізму яўрэйскага народа «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны» — за выратаванне сям'і Нямцовых у Бешанковічах.

Помнікі забітым яўрэям раёна ўстаноўлены ў Бешанковічах, Слабадзе, Астроўна і Уле.

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ў Бешанковічах і загінулі ў гады халакосту

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ў Бачэйкаве і загінулі ў гады халакосту

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ў Слабадзе і загінулі ў гады халакосту

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ў Сокараве і загінулі ў гады халакосту

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ва Уле і загінулі ў гады халакосту

Інфармацыя пра яўрэяў, якія жылі ў Астроўна і загінулі ў гады халакосту