У 2008 годзе не плануецца правядзенне дэнамінацыі беларускага рубля
27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2008 годзе не плануецца правядзенне дэнамінацыі беларускага рубля. Пра гэта праінфармавалі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка ў сувязі з шматлікімі зваротамі грамадзян у галоўную банкаўскую ўстанову краіны і банкі.
У Нацбанку адзначылі, што беларускі рубель па-ранейшаму будзе стабільны. У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2008 год прадугледжана змяненне афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да долара ЗША ў межах плюс/мінус 2,5% на 1 студзеня 2009 года.
Нацыянальны банк і надалей мае намер праводзіць палітыку ўмацавання нацыянальнай валюты. Як у цяперашнім, так і ў наступныя гады будуць стварацца прывабныя ўмовы для захоўвання ва ўкладах зберажэнняў у беларускіх рублях і павелічэння даступнасці крэдытных рэсурсаў банкаў для насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання. Узровень працэнтных ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце па-ранейшаму будзе перавышаць як тэмпы інфляцыі, так і даходнасць па зберажэннях у СКВ.-0-