З 1 сакавіка абноўлены КоАП. Істотна ўзмацняецца пакаранне за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў

З 1 сакавіка ў Беларусі запрацаваў абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сярод іншага ён утрымлівае новаўвядзенні для кіроўцаў, прадугледжана ўзмацненне адказнасці за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі, унесены змены ў частцы парушэнняў валютнага заканадаўства.
Таксама ўведзена адказнасць за раскрыццё персанальных даных, з'явіўся новы від адміністрацыйнага пакарання — грамадскія работы.
Павысілі штрафы і тэрмін адміністрацыйнага арышту за несанкцыянаваныя акцыі.
Істотныя змены ўнеслі ў вядомы артыкул 23.34 (цяпер гэта артыкул 24.23 КоАП). Узмацнена адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, павялічаны штрафы і тэрмін адміністрацыйнага арышту. Так, максімальны памер штрафу па гэтым артыкуле павялічылі з 30 да 100 базавых велічынь (з 870 да 2900 рублёў). Пры прыцягненні па гэтым артыкуле паўторна змогуць аштрафаваць на суму да 200 базавых велічынь або 5800 рублёў (было — 50 базавых або 1450 рублёў).
У абноўленым КоАП максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, гэта значыць адно правапарушэнне, па-ранейшаму складае 15 сутак. А вось за паўторны на працягу года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пагражае ад 15 да 30 сутак. Пры гэтым 30 сутак — максімальна магчымы тэрмін адміністрацыйнага арышту, нават калі здзейснена адразу некалькі правапарушэнняў (раней было 25 сутак).