З пачатку года ў Бешанковіцкім раёне зафіксавана 5 выпадкаў суіцыду і столькі ж — парасуіцыду

Такую статыстыку сёння падчас пасяджэння райвыканкама, на якім разглядалася пытанне рэалізацыі ў рэгіёне Дырэктывы №1, агучыла галоўны ўрач Бешанковіцкай ЦРБ Святлана Рошчына.

З 5 чалавек, якія пазбавілі сябе жыцця, 3 мужчыны і 2 жанчыны, чацвёра з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янэння.

«На жаль, прадухіліць суіцыды складана, — адзначыла Святлана Рошчына. — З пяці памерлых у выніку суіцыду чацвёра ў поле зроку суб'ектаў прафілактыкі не траплялі. Рашэнне сысці з жыцця ў іх было імпульсіўным і непрадказальным».

У мэтах прадухілення выпадкаў суіцыду ў раёне рэалізуюцца комплексныя мерапрыемствы, якія прадугледжваюць прафілактычную працу з рознымі катэгорыямі насельніцтва, у тым ліку з дзецьмі і падлеткамі.

Прымаючы пад увагу той факт, што алкагалізацыя насельніцтва спрыяе росту суіцыдальнай актыўнасці, вялікая ўвага надаецца рабоце па зніжэнні спажывання алкаголю насельніцтвам раёна.

«Прафілактыка суіцыдальных паводзін уяўляе сабой адну з найважнейшых задач грамадства, вырашэнне якой магчыма толькі пры аб'яднанні намаганняў усіх ведамстваў у адзіную прэвентыўную стратэгію», — рэзюмаваў першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Бухаловіч.