Сёння 2-я серада месяца — час асабістага прыёму грамадзян старшынёй райвыканкама Галінай Унуковіч
На гэты раз кіраўнік раёна разбіраўся з пытаннямі, якія тычацца добраўпарадкавання тэрыторый, вядзення прыватнага бізнесу і сямейнай небразлівасці.
Жыхарка аг. Дразды прасіла садзейнічання ў навядзенні парадку на вуліцы Лясной у населеным пункце, дзе ёсць праблемы з функцыянаваннем сцёкавых канаў, абкосам пустазельнай расліннасці. Вырашэннем пытання зоймуцца адпаведныя службы. Ход выканання работ будзе на кантролі старшыні райвыканкама.
Індывідуальны прадпрымальнік з Бешанковіч жадае ўсталяваць у райцэнтры спартыўны забаўляльны апарат. Месца, дзе ён хацеў бы гэта зрабіць, згодна з заканадаўствам, не можа быць прадастаўлена для гэтых мэт. Мужчыне прапанавалі іншыя варыянты. Рашэнне застаецца за ім.
Са сваімі клопатамі да кіраўніка раёна прыйшлі і бацькі 10-гадовага хлопчыка. Яны прасілі дазволіць маці працаваць вахтавым метадам.
Спецыялісты патлумачылі сітуацыю: бацькі хлопчыка доўгі час знаходзяцца ў полі зроку органаў прафілактыкі сямейнай небразлівасці з-за злоўжывання алкаголем. Ім аказваецца ўсялякая дапамога для нармалізацыі абстаноўкі ў сям'і. А агучаная праблема відавочна надуманая.
«Працаваць за межамі раёна вам ніхто не забараняе, — падкрэсліла Галіна Унуковіч. — Галоўнае, каб дзіця было пад наглядам, мела ўсё неабходнае і адчувала сябе ў бяспецы. Што для гэтага трэба? Цалкам адмовіцца ад спіртнога, працаўладкавацца бацьку і весці законапаслухмяны лад жыцця. Адным словам, быць добрым прыкладам для дзіцяці».