Сакрэт бяспекі раскрыты!

У снежні мінулага года аграгарадок Улла Бешанковіцкага раёна стаў вядомы ўсёй Рэспубліцы з-за пажару, які забраў жыцці адразу трох чалавек. Каб прадухіліць падобныя сітуацыі і гібель людзей, а таксама ў рамках другога этапу рэспубліканскай акцыі «Бяспека ў кожны дом!» ратавальнікі сустрэліся з наведвальнікамі Ульскага аддзялення Бешанковіцкага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дзякуючы інтэрактыўнай гульні «Сакрэт бяспекі» ўдзельнікі акцыі даведаліся пра многія аспекты бяспекі, на якія большасць з нас не звяртае ўвагі ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, што пакінутая ў разетцы зарадная прылада можа прывесці да пажару, ведалі многія, але многія зараджаюць тэлефоны ноччу. Ці тое, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік можа пры цалкам спраўным стане выдаваць кароткачасовыя сігналы, таксама трэба ведаць кожнаму.

Вядома, бяспечны стан жылля – клопат домаўладальнікаў, задача ратавальнікаў – папярэдзіць бяду і нагадаць грамадзянам, што часцей за ўсё пажары адбываюцца па прычыне праславутага «чалавечага фактару».

Таксама да наведвальнікаў аддзялення з напутлівым словам звярнуўся настаяцель храма Святой Жыццепачатнай Тройцы, які таксама заклікаў шанаваць сваё жыццё і берагчы адзін аднаго.